з палонам. Сіа – багіня, якой давераны самы важны папірус. Ахоўніца пасланьня – і нашым пасланьнем зрабілася мова: яе мы ўручылі дачцэ, каб яна прайшла праз усе нягоды і перадала далей. Сіа – так крычыць птушка, якую ўжо ня зловіш. Так нільская сітаўка Бэнну і багіня Сіа зьліліся ў адну маленькую жанчыну, птушаня з папірусам у кволай дзюбе. Сіа – клічаш ты, і ўсе абарочваюцца. Быццам клікалі менавіта іх, усіх разам. Магічнае імя.
Ну каму яшчэ прыйдзе ў галаву назваць сваю дачку Сіа? Толькі той, чыйго мужа завуць Іван Іванавіч Іваноў. Я не Іваноў, і не Іван Іванавіч, але амаль што. Толькі імя ў мяне рэдкае – а прозьвішча як ва ўсіх. І мне было ўсё адно, як Сіа будуць клікаць па бацьку – у нашай мове ніколі не было нічога падобнага. Гэта ўсё пазьнейшае, набытае, вымененае, шкляныя пацеркі ў абмен на золата. Сіа.
Гарадок наш невялікі, дарма што абласны цэнтар, тут асабліва няма чым заняцца, і таму людзям нічога не застаецца, як паціху вар’яцець: цікавіцца эгіпталёгіяй, раскопваць брацкія магілы, садзіць у гародах жэньшэнь і арганізоўваць бэйсбольныя каманды.
Звычайна я не выпіваю ў дзень больш за сто грамаў, але тады я сапраўды ня спаў усю ноч і цяпер трохі прыдрамаў проста за сталом. Быў вечар, Сіа гуляла ў суседнім пакоі – мэтадычна спусташаючы малую бутэлечку і запіхваючы ў сябе яешню, я чуў, як яна сьпявае, прыглушана, як мы дамовіліся, народную песьню:
“Заіграйце, музыкі,
Каб я паскакала;
Купіў бацька чаравікі,
Каб я патаптала!”
Гэта была песьня на нашай мове, калыханка для кагосьці зь яе нешматлікіх улюбёнцаў, для адзінай у сьвеце лялькі, якая гаворыць па-нашаму – і пад яе мірныя гукі я заснуў. Мяне разбудзіў званок у дзьверы. Больш за ўсё ў такія моманты я баюся, што Сіа парушыць мой загад і адчыніць сама. Яшчэ мала што разумеючы, блытаючыся ў сваіх дзённых снах, як у штанах спрасоньня, я дакульгаў да дзьвярэй і запытаўся, хто.
Гэта быў сусед. Які яшчэ нафіг сусед? Я ведаў усіх, хто жыве тут: насупраць канаў у вечным паходзе нейкі Базыль, справа была цёмная гісторыя: жанчына, якая месьцілася там, прапісала некалі кватарантку, а кватарантка ўзяла, знайшла сабе мужыка і засталася, і цяпер у іх была халодная вайна на дваццаці квадратных мэтрах, прычым мужыкі і ў адной і ў другой мяняліся ледзь ня кожны дзень, а мэтры ўсё адно заставаліся квадратныя і лікам дваццаць. Зьверху адна кватэра стаяла пустая, а другую здымалі дзьве студэнткі. У нас у горадзе ёсьць унівэрсытэт, даааа! – былое хімвучылішча, “хімчыстка”. Ніхто з суседзяў са мной нават не вітаўся, я сам іх да гэтага некалі прывучыў: бо ў кожным дарослым на гэтай зямлі сядзіць маленькі сьледчы, і калі Сіа падрасла да таго ўзросту, у якім маленькага чалавека дазволена дапытваць, пакуль што без выкарыстаньня спэцсродкаў, пачалося: ах ты, гаротніца, ну, пагавары са мной, ну, давай, мамма, паппа, ну, адкрый раток, атрымаеш “канфету”. Канфета, цукерка, костка, за якую, як прынята лічыць, дзеці могуць прадаць роднага бацьку.
Пачалі даваць мне тэлефон нейкага супэрспэцыяліста ў самім Менску – кажуць, ён вярнуў грамадзтву нямала хворых дзяцей. Вярнуў – нібы гамэльнскі дудачнік,