па гакеі лямантуе пра гістарычныя аналёгіі – і яго чакаюць, нецярпліва, як сьвята апакаліпсысу.
Архітэктура тут настаялася, як віно; яшчэ трохі, і можна будзе палюбіць усю гэтую сталінска-хрушчоўскую каменную флёру, яшчэ нейкае дзесяцігодзьдзе, і геніюс лёцы ўваскрэсьне – і тут прыходзіць загад “абнавіць і расчысьціць”.
Калі менская някідкасьць робіцца прыгожай – трэба ўсё зрабіць па-багатаму.
Калі ты абаронены тут – значыць, бяспраўны.
Барду заўсёды чагось не хапае: густу, гітары, меры… Але ў шансону заўсёды будзе больш шанцаў, чым у Шамісо.
Беспакойная бардаўская душа беларуса хоча трох акордаў. Інакш неяк не па-сапраўднаму. Проста вершы ці проста музыка не пасуюць чэмпіёнам. А чэмпіёнамі хочацца быць ва ўсім. Хочацца, каб верш стаўся песьняй. Ніхто не прызнае праўды: напрыклад, што беларускі ўнёсак у сусьветную літаратуру роўны альбанскаму. Барда пакрыўдзіць кожны зможа, а вось грошай даць…
У Беларусі бардаў болей, чым пазначана на афішах. Сканцэнтравацца на чымсьці адным – значыць, прызнаць паразу. Людзі ў сорак гадоў ня ведаюць, чаго яны хочуць: вершаў або музыкі, яны кідаюцца на тое, і на другое, і на трэцяе, і на пятае – нібы ў іхнага настаўніка па профарыентацыі быў дыягназ “профнепрыдатнасьць”. У выніку, “шлях зямны прайшоўшы да паловы”, чалавек жадае быць адначасова паэтам і бізнэсоўцам, рамантыкам і рэалістам, палітычна граматным і пры гэтым вольным, хоча быць эўрапейцам і азіятам, хоча немагчымага, неспалучальнага, і невядома, чаго больш – хоча, каб усё было пад гітару. І ў выніку працуе кантралёрам на богам забытым аўтобусным маршруце. Добрыя адміністратары пішуць раманы, раманісты працуюць начнымі вартаўнікамі, няздарнасьці выдаюць часопісы, кантралёры кіруюць дзяржавай. Хочацца ўсяго адразу і каб пляскалі. Бардаўская песьня жыцьця. Сярод маіх знаёмых дастаткова людзей, якія ненавідзяць сваю працу. А спытай: а кім ты хацеў бы быць? Чаго хочаш? Ну так, зямлі-волі, хлеба, солі, ня быць скотам… Міхалок ды Купала. Барды беларускія. Трэба ж некаму верыць.
На пытаньне “у што верыш?” можна адказаць па-рознаму. У трыццаць восем гадоў у галаву прыходзіць вось гэты адказ, джонленанаўскі:
I just believe in me Yoko and me And that's reality.
У Ёка і ў сябе.
А на ўсё астатняе можна пакласьці. Ці пакласьці на тры акорды. Слухач усё роўна знойдзецца. На тое яны й барды. Гусьляры свабоды.
Выспа Ўінстана сіняга
…І тут гэтая цётачка табе і кажа: “Пакет нужан?”
Калі падумаць, нічога страшнага не адбылося. Па сутнасьці, гэта звычайны адпаведнік паслужліваму нямецкаму “Eine Tüte?“ Але ты ажно здрыгануўся. На нейкае імгненьне ўнутры ўзьнікае паніка. Пакет? Які пакет? Навошта? Што яна мае на ўвазе? І вось ты стаіш і ацэньваеш узровень сваёй патрэбы ў гэтым загадкавым пакеце, а чарга чакае. Усе запытальна паднялі на цябе вочы: ім цікава, што ты скажаш. Адказнасьць душыць цябе, не дае дыхаць. Раптам адказ будзе няправільны? Ты ўяўляеш сябе з пакетам на галаве. Добра было б паглядзець на яго, перш чым адказваць. Першае,