Валеры Гапееў

Ноч цмока


Скачать книгу

пасеяны быў радкамі, у ім не магло хоць нешта схавацца ад нашых позіркаў. Нідзе не тое што следу, а нават намёку, што тут нехта хадзіў.

      За нашым кружляннем па полі з маўклівым дакорам назірала ад свайго хлява гаспадыня – бабулька сталага веку, апранутая ў чорную сукню. Стаяла, крыху прыгнуўшыся наперад, абапіраючыся на таўставаты кіёк. Было сорамна: топчам усходы. Мабыць жа, учора бабулька нямала пабегала, каб знайсці гаспадара з конікам, нямала ўлагоджвала, каб выскарадзіў чыста зелле, а ячмень каб не пацярпеў. І вядома ж, ставіла бутэльку на стол, смажыла яечню, кроіла тоўстымі кавалкамі магазінную каўбасу, якую так і не навучылася рэзаць па-гарадскому – тонкімі акуратнымі скрылікамі. Ды і навошта вучыцца, калі кавалак павінен быць на кавалак падобным, каб было што ў рот пакласці рабочаму мужчыну. А мы вось цяпер топчамся, ходзім па яе полі, як па сваім двары…

      – Ну як? – узняла на мяне вочы Тамара, калі падышоў да яе пасля таго, як наша спіраль дайшла да ўтравелага ўзмежжа.

      – Д’ябальшчына нейкая, – шчыра прызнаўся я ў сваёй няздольнасці хоць нешта патлумачыць. – Слядоў аніякіх. Нішто не паказвае на тое, што сляды, калі яны былі, нехта пасля заграбаў. З бараной ганяліся ад краю туды і назад па другім баку… Малюнак пасля зубцоў паўсюдна роўны, нідзе нічым не перапынены. Труп з’явіўся на ўжо пабаранаваным полі, – сказаў, каб нешта яшчэ сказаць, бо мне і самому падалася дурной думка пра тое, быццам нехта ўчыніў злачынства, пакінуў труп на полі, а сам стаў тое поле спакойна баранаваць.

      – Будзем лічыць: з неба ўпала, – спакойна рэзюмавала Тамара, дастала цыгарэты. – А голая таму, што якраз на мятле ляцела, як тая… як яе, Маргарыта, так?

      Я цішком глянуў на Тамару – жартуе яна ці што? Як яе разумець?

      – Тады мятлу знайсці трэба.

      – Халера з ёй, кажу, – загадна прамовіла Тамара і пільна паглядзела на мяне. – Не тлумі галаву тым, што не можаш патлумачыць адразу, тым больш, ніякай карысці з таго тлумачэння не будзе…

      – Чаму не будзе? – заўпарціўся я.

      – Таму… Відавочна: смерць напаткала яе тут. Значыць, на поле прыйшла сама. Неяк прыйшла, але сама. Калі б яе сюды прынеслі – павінны, па-першае, несці ўдвух, бо не такая яна худзенькая. А калі б і адзін нёс, дык тут не сляды засталіся б, а яміны. І няма сэнсу несці забітую на чыстае поле, класці пад вочы людзям, ды яшчэ рукі-ногі выкладаць узорам. Усё лухта. Адкуль яна ішла? Вось пытанне, дзе ўсе адказы. Шукай…

      – Ды разумею, – павініўся я.

      Калі бачыў многа трупаў, не мёртвых у трунах, а менавіта трупаў, застылых у сваіх апошніх рухах, то лёгка адрозніць мёртвага чалавека ад проста знерухомелага. Асабліва труп без адзення. Але жанчына на мяккай посцілцы баранаванай зямлі ўдавала з сябе жывую. Настолькі жывую, што цягнула падысці і прыкрыць сваім пінжаком яе аголеныя сцёгны. Было няёмка… Здаровыя мужыкі стаяць над голай маладзіцай, якая сцішылася, утаймоўвае сваё дыханне, бо бачна ж, як цяжка даліся ёй апошнія метры поўзання па полі…

      Але ж… невялікая дзірка ў вобласці рэбраў з кароткім засохлым крывавым