ой…”, і перапаліць па-хуткаму, і па-хабёльску кінуць недапалак у дзежку, а то і накрэмзаць на глянцавым лісце брутальны і абагульняльны мацюк.
Здараецца, аднак, што напаўмёртвая пальма набіраецца цудадзейнымі сокамі, і між пыльнымі лістамі сарамліва прабіваюцца яскравыя краскі. Але ж пладамі тыя краскі абарочваюцца зрэдку: у класічным беларускім пісьменстве заўсёды было зашмат ідэй, патрыятызму і паэзіі чыстае красы, але катастрафічна бракавала фізічнага цела. Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль паўбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў. Сексуальнасць, любошчы, нават эротыка – усё гэта сарамліва перахоўвалася пад саламянымі брылямі несцерак, у каламуці трох лыжак заціркі ці ў парослых травою партызанскіх акопах.
Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх “На ростаннях”? А мінет ці кунілінгус меліжаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае “Дажыць да світанку” выклікае у вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?
Законы прыроды адназначныя, і для прыгожага пісьменства таксама: песцік вымагае тычынкі, Інь – Янь, і без гэтага немажлівае натуральнае апладненне. Калі ў літаратуры нарэшце з’яўляецца фізічнае цела – яе прыўкрасная душа цяжарыць, дэкаратыўныя кветкі саступаюць месца завязі, а краскі на галінках неўзабаве абарочваюцца пладамі.
Ева Вежнавец
Іра ў залатых басаножках
Ахвотней за ўсё Іра гуляла па лесе, дзе ладзіла самотныя «пікнікі», беручы з сабой бабіну вышываную сурвэтку і ежу з лядоўні. А то яшчэ можна было капеек накрасці з бацькавых кішэняў і накупляць смачнот у краме. Іра запрашала суседскую Таню, і яны сыходзілі ў лес, дзе бавілі часам цэлыя дні. Так працягвалася да тае пары, калі ў вёску вярнуўся руды Дораш-свінабой і ў Іры пачаліся жахлівыя дні.
Быў ветраны ранак са скаклівымі плямамі сонца на траве пад яблыняю, калі Таня прыбегла да Іры. Дарослых дома не было, дзяўчынкі вынеслі ў двор цэлую гусятніцу з блінчыкамі і палову апрасталі.
Пасля, аблізваючы пальцы, Таня сказала: – Ірка, пайшлі паглядзім, Дораш сваю кошку з кацянятамі жыўцом закапаў, яна яшчэ дыхае, і зямля збоку падымаецца.
Дзяўчынкі пабеглі за вёску, прабеглі спачатку кукурузнае поле, а потым жытняе і наблізіліся да старой грушы, якая адна засталася стаяць у шчырым полі. Хадзілі цьмяныя показкі, што тут колісь быў кулацкі хутар з вялізным садам, жыла вялікая сям'я, а потым іх усіх пазвозілі, як негадзяшчых сабак, селішча зааралі. Толькі груша расце тут са старых часоў, падае, развальваецца, а з пня ў яе зноў груша прарастае, новая, і тую грушу рушыць нельга, бо гэта чортава месца.
– Тут! – сказала Таня. – Мы самі бачылі, як ён закопваў, кацяняты ўніз, а яе наверх. Яна не адкапаецца, бо кацянят не захоча кінуць. Бацька кажа, Дораш цяпер свіней б’е, сабак вешае і катоў зводзіць. Так што ўсе мужыкі цяпер свабодныя, а то не ўмеюць і жывёлы прыбіць, блююць. Давай зямлю палачкай адграбем, паглядзім, ці дыхаюць.
Таня і Іра адгрэблі палачкамі зямлю і ўбачылі кошчын бок, каляровую поўсць, якая ўздымалася ад дыхання.
– Яна дыхае! – сказала Іра, – дыхае. Трэба адкапаць.
– Дораш сказаў, хто маю кошку адкапае, таго я швайкай закалю. Ты ведаеш, як ён свіней швайкаю б’е, і конаўкамі кроў п'е? Вочы ў яго ад таго красныя-красныя, як кроў, і чорныя-чорныя, як у крумкача. Ён вось так тыя страшныя вочы на нас вылупіў (Таня як магла вырачыла блакітныя вочы і для постраху яшчэ разявіла рот) і кажа страшным голасам: «Дзеці, хто маю кошку выкапае, таму швайку засаджу, усю кроў вып'ю, а вушы адрэжу і сабакам пакідаю!» Мы спужаліся і паўцякалі.
А нашто ён кошку закапаў?
– Паблядушчая ў яго кошка. Трэціх кацянят прынесла.
– Дык лепей бы ён кацянят тапіў. Ім не баліць, яны сляпыя і глухія. Толькі пішчаць: міў! міў! міў!
– Не ведаю, Іра, толькі давай кошкі не выкопваць, яна вунь і так ужо дыхаць перастае, выкапаем, а яна толькі мучыцца будзе. Хай ужо дадыхае. А як Дораш дазнаецца, што мы выкапалі, дык не будзе нас на гэтым свеце.
– Танька, ты як хочаш, а я адкапаю, можа, і кацяняты жывыя. Я іх схаваю ў лесе і буду ім малако насіць.
– Ірачко, галубачко, не рабі ты таго! Я баюся.
– Ты ідзі за ламаччам стань і цікуй, ці не ідзе хто. А ад мяне адвярніся задам, потым скажаш: я не ведаю, што там дурная Мажэйкава рабіла.
Іра большай палкаю абвяла контуры ката і стала акуратна разграбаць зямлю, каб не параніць кошкі ці кацянят. Дагрэблася спачатку да хваста, а потым і да галавы. Кошка ляжала ў кавалку “салафану”, ашчэрыўшы зубы. Бок яе ўжо не ўздымаўся. Не дыхалі і трое маленькіх, як пацучаняты, кацянят.
Іра падняла загінулае сямейства ў кавалку салафану, потым паклала ў падол сарафаніка. Што з імі рабіць, яна не ведала. Зноў закопваць у зямлю – але там яны прынялі пакутніцкую смерць.
Іра ведае, што такое быць закапанаму жыўцом, бабка распавядала, што адну дзяўчыну пахавалі, а потым яе брат з войска прыехаў, спазніўся