Ніна Лістота

Каханні. Дваццаць рэальных гісторый


Скачать книгу

месяц, як пільны суддзя, зрабіў заўважнымі іх постаці і нават вымаляваў рысы твару. Светлыя ночы зламыснікам не на руку. Яны больш прыдатныя для такіх згуртаванняў, як наша.

      Толькі аднойчы нам трапілася не поўня, а веташок. Заўважыўшы яго, бабуля адразу зацягнула сваё павольнае, амаль медытатыўнае:

      Веташок, веташок,

      Табе неба, зоры,

      А мне шчасця, долі.

      Табе на прыбытачак,

      А мне на здароўейка.

      Бабуля паўтарала гэта зноў і зноў, у дзясяты раз, нібы па паганскай звычцы продкаў загаворваючы месяц на небе.

      Веташок таксама быў дарункам. Бліскучы, востранькі з абодвух рагоў, ён упрыгожваў нябесную сцяну лепш за любую карціну самага выбітнага мастака. У стваральніка прыроды з фантазіяй усё добра. І з густам таксама, гэта дакладна. Мы любаваліся ўсе. А куды яшчэ было глядзець?.. На веташок і на агонь. На агонь і на веташок. І на высокія травы, якія засланялі сабой частку месяца і якія, падсохлыя, можна было кінуць у агонь.

      Наша сям’я толькі пару гадоў таму займела гэту звычку ― смажыць разам увечары шашлыкі. Раней і ўявіць такое было складана. Як, адкласці ўсе тэрміновыя працы? Як, не быць стомленым, як лось, пасля ўсяго, што зроблена за дзень?.. Але поўня і веташок сталіся мацнейшымі і пераманілі нас. Цяпер я цалкам веру ў тое, што сіла месяца стварае прылівы і адлівы. Яна аказалася настолькі моцнай, што маіх родных, сталых карэнных вяскоўцаў, завабіла ў рамантыку летніх начэй.

      Конікі цыўкалі ў густой зеляніне. То там, то тут чуліся ўсклікванні начных пташак. Наша цяпельца пазірала ў космас круглым вокам. Замест мангала была вялізная пакрышка ад кола трактара. Яшчэ адна поўня, толькі металічная і заглыбленая ўсярэдзіну.

      Мяса шыпела, заціснутае між пруткамі рашоткі. Мы падрыхтавалі свежыя агуркі, цыбулю, хлеб да яго. Я, мама, тата, бабуля і брат, што толькі вярнуўся з вандроўкі ў Сінгапур. Мы, вядома, і так збіраліся разам. Але ў такіх начэй быў асаблівы салодкі смак.

      – Хтосьці дорыцьсваім жонкам каштоўныяўпрыгожванні, камяні. А я сваёй ― ровар, гітару, ― распавядаў мой брат.

      Гарачыя шашлыкі высыпалі ў вялікую місу. Мы ўсе разабралі сабе па некалькі кавалкаў і, крыху рассмакаваўшы, пачалі нахвальваць, як удала яны былі замарынаваныя мамай і як добра іх пасмажылі нашы мужчыны. Брат працягваў:

      – Вось усе кажуць: крызіс. Але калі займацца любімай справай, ніякага крызісу не бывае. Ты проста робіш тое, што любіш. І рана ці позна, яно пачынае прыносіць прыбытак.

      Веташок таксама ўважліва слухаў яго аповед. Але не так, як мы. Сваім ззяннем, нібы пражэктарам, ён вымалёўваў сцэну для прамовы. Месяц быў над усім і ва ўсім.

      У паўзе паміж размовамі бабуля паўтарыла:

      Веташок, веташок,

      Табе неба, зоры,

      А мне шчасця, долі.

      Табе на прыбытачак,

      А мне на здароўейка.

      Нібы музычная паўза ў эфіры радыёстанцыі. І прывітанне ад сваяка ў адным флаконе.

      – У Сінгапуры мне спадабалася ўсё, ― казаў брат. ― Куды