лістота, і добра было на душы. Косця раз-пораз нахіляўся-прысядаў – і ягоны кошык паўнеў баравікамі. Ён гучна радаваўся гэтаму, упершыню адчуваючы асалоду ад ляснога занятку.
Дзядуля хадзіў побач і таксама цешыўся кожнай знаходкай унука, уголас пахвальваючы яго.
Раптам хлопчык войкнуў і схапіўся за нагу. Дзед адразу сігнуў да яго.
– Што здарылася?
– Укалоўся.
– Хуценька садзіся і разувайся. Не, уначак, цябе гадзюка ўкусіла.
Малец заўважыў, як цёмная істужка бясшумна слізганула па лісцях і мігам схавалася пад карчом. Не марудзячы, стары прыпаў ротам да ранкі і стаў смактаць. Некалькі разоў узнімаў галаву і сплёўваў.
– Так неабходна рабіць заўсёды, калі джаляць змеі, інакш можна памерці.
– А калі адзін?
– Тады трэба самому старацца выціснуць яд. Крый Божа!
– Давай заб’ём гадзюку.
– Нельга.
– Ты што, дзеду: яна ж злая і яшчэ каго-небудзь укусіць!
– Яна не злая, а звычайная.
– А чаму напала на мяне?
– Ты яе зачапіў, перашкодзіў ёй – а гэтага ніхто ня любіць.
– Ды я незнарок! Навошта яна мне? Я збіраў грыбы і зусім пра яе не думаў.
– Дарма. Ты прыйшоў у лес – не ў сваё, а ў яе асяроддзе – і павінен ведаць пра гэта, адпаведна паводзіць сябе. Іначай дабра не будзе.
– Дык што: мне нікуды не хадзіць?
– Не, даражэнькі, спазнаваць свет неабходна, але варта заўсёды памятаць, што ты не адзін.
– Забудзешся тут: людзі на кожным кроку.
– Наогул, Косьцік, ад чалавека больш бяды: да чаго б ён не дакрануўся, там дрэнь. Прырода яго не паважае, але чамусьці церпіць, іншым разам – да гаркоты. Здараецца, што і помсціць. Бачыш, як ветралом загарадзіў дарогу. Раней па ёй шмат хадзілі: да чыгункі было рукой падаць. А цяпер прайсці немагчыма, павал усё перайначыў. Ніхто яго ўжо не прыбярэ, так і будзе ляжаць, покі не згніе. Людзі знойдуць іншы шлях. Так прырода завязвае вузлы, завальвае лёсы.
7
– Як паводзіць сябе звер, калі нейкае ягонае пачуццё раптам засігналіць? – задзірыстым дапытным узрокам Альгерд абвёў вучняў і ператварыўся ў чаканне.
Прасторная зала, насычаная энергетыкай неафітаў, умомант запярэсцілася ад іхняе разгубленасці і сумятлівых думак. Толькі што настаўнік прыгожа распавядаў пра вучэльню, яе парадкі, абнадзейваў ружоваю выгляднасцю і нечакана кінуў такое, здавалася, недарэчнае пытанне. Усе збянтэжана сцішыліся і толькі праз хвіліну падалі свае нясмелыя галасы.
– Хвалюецца. – Насцярожваецца.
– Ускоквае.
– Рыкае.
– Пачынае шукаць.
– Ці тое рэагуе адразу, без прамаруджвання – і ніяк не стрымлівае свайго настрою? Так? Правільна! – як бы падбадзёрыў іх Альгерд і нанова бліснуў вачыма. – А расліна?
Юнакі ў непаразуменні пераглянуліся, нібыта пытаючыся адзін ў аднаго: а хіба ў флоры ёсць пачуцці? Але знайшліся цямлівыя