скамечанага адзення. Ірка нават не адразу зразумела, што гэта другі чалавек: настолькі ненатуральна ўсё там было перакручана. Яна пацягнула за бліжэйшую сінюю анучыну. Аказалася – гэта крысо джынсавай курткі. Ірка памацала ніжнюю кішэню – нічога… Верх курткі прыціскала штосьці цяжкае. Дзяўчына з усяе сілы тарганула за вызвалены край адзежыны, каб дабрацца да верхняй кішэні, але разам з астатняй часткай крыса аднекуль выцягнуўся і рукаў, з якога тырчала нерухомая вялікая мужчынская далонь з залатым пярсцёнкам на безыменным пальцы. На імгненне Ірка завагалася, быццам рука з пярсцёнкам ёй нагадала пра нешта, а потым, не адрываючы вачэй ад нежывой далоні, без ранейшай рашучасці ўсё ж пацягнулася да пульхнай верхняй кішэні джынсавай курткі… Праз жорсткую тканіну дзяўчынка, як ні мацала, не змагла зразумець, што за прадмет хаваецца там. Па-ранейшаму гледзячы на далонь мужчыны, навобмацак яна адшпіліла гузік, адняла клапан і выхапіла з адтуліны невядомую рэч.
У першае імгненне, калі Ірка нарэшце зірнула на тое, што апынулася ў яе руцэ, яна ўбачыла скручаны ў трубачку каляндарык у выглядзе стадоларавай купюры.
Але ж навошта скручваць каляндарык у трубачку, перацягваць скрутак гумкаю… Цэлы стос каляндарыкаў?..
Цэлы стос… Цэлы стос…
Яна не магла паверыць ні сваім вачам, ні сваім рукам…
Цэлы стос… Долараў…
Так! Гэта долары! Сапраўдныя?! Ведама ж сапраўдныя!.. Навошта ж насіць з сабою несапраўдныя… Але хто носіць з сабою такую кіпу сапраўдных…
Аднекуль пачуўся нарастаючы гук ці то аўтамабільнага, ці то трактарнага рухавіка. Больш тут затрымлівацца было небяспечна.
Ірка нязграбна прыгнулася і пашыбавала да бліжэйшых хмызоў.
Толькі калі адышлася ад разбітай машыны не меней як за паўкіламетра, дзяўчынка прысела на росную траву, сцягнула гумку са скрутка і выпрастала паперкі. Яна некалькі разоў пагартала іх туды-сюды, як старонкі кнігі: ні на адной знаёмай таблічкі з роўненькімі слупкамі з лічбамі і назвамі месяцаў не знайшлося…
Сапраўдныя!
Не меней чым паўгадзіны спатрэбілася Ірцы, каб пераканацца, што паперак у пачаку роўна сто пяцьдзясят, бо на пачатку, як яна іх ні перакладала, заўсёды выходзіла розная колькасць. Правільна ж памножыць пятнаццаць дзясяткаў купюр на іх намінал дзяўчынка так і не змагла: у яе атрымалася паўтары тысячы…
«Паўтары тысячы долараў – гэта ж шалёныя грошы!.. Мне іх хопіць на ўсё на свеце! Цяпер трэба толькі нічым сябе не выдаць і спадзявацца, што каля млына мяне сёння ніхто не бачыў… Зрэшты, калі стануць выпытваць, скажу, што адразу ўцякла, калі ўбачыла аварыю… А грошы трэба як мага надзейней схаваць…»
Куды яна схавае грошы, Ірка вырашыла яшчэ тады, калі іх у яе не было ні капейкі: бляшаная банка з-пад растваральнай кавы ля коміна на гарышчы даўно чакала свайго зорнага часу. Акрамя Іркі, у падстрэшша ніхто не лазіў: Віцёк піў, Саша яшчэ малы, а маці як чумы баялася нават зазірнуць туды, бо там некалі засіліўся яе першы муж. Апошняга факта дзяўчынка не ведала, таму і лічыла гарышча