прынцыповай канцэрт бясплатны наладзіць, бо выдатна ведаў, як будуць разгортвацца падзеі далей.
Склаў пратакол на «левым» бланку, забраў у парушальніка правы і паслаў таго выпівоху дадому замочваць новае жыццё!
Да канца змены даішнік толькі тым і займаўся, што гадаў: сам Талян прывалачэ грошы ці пашле каго? Яшчэ Юры Уладзіміравіч разумеў, што найверагодней хабар яму паспрабуюць перадаць у пад’ездзе, а гэта непажадана, бо мэтавая аўдыторыя – Галя, дзеля якой усё і наладжвалася, тады нічога не ўбачыць. Увесь сэнс мерапрыемства страціцца, калі ён не паспее непрыкметна праслізнуць у кватэру…
Капітан Белы шчыра здзівіўся, калі ў выніку нікога не напаткаў у пад’ездзе.
«Што ж, цудоўна! Значыцца, шоу гарантавана! Толькі б грошы знайшлі галадранцы! Усім вядомая такса за кіраванне ў нецвярозым стане: тысяча даляраў… Але гэтыя, мяркую, максімум палову назбіраюць… Пралетарыі хрэнавы!»
Юры Уладзіміравіч ніколі дома не абмяркоўваў сваю службу, а тут, як толькі пераступіў парог, адразу паведаміў Галі, што сёння затрымаў суседа за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане і забраў у яго правы.
Галя ж, калі даведалася, што пагражае за гэткае парушэнне, пачала бурчэць на мужа: як ёй цяпер сустракацца з Мікалайчыкамі штодня, як людзям у вочы глядзець, ці разумее ён, што пазбавіў і так небагатую сям’ю сродкаў для існавання, а ім жа крэдыт за кватэру выплачваць трэба, у іх жа дзеці малыя:
– Іх старэйшы з нашай дачкою ў адным класе вучыцца! Малодшыя ў двары разам гуляюць!..
– Іх бацька закон парушыў! А я ж на тое і пастаўлены, каб сачыць за парадкам! Ты ж сама казала!
Галіна Васільеўна пачала прыводзіць процьму аргументаў, што на першы раз, выключна па-суседску, можна было б толькі папярэдзіць, не спяшацца, ён жа не здзейсніў ДТЗ, нікога, дзякуй богу, не пераехаў, нічога не сапсаваў!
Юрый Уладзіміравіч тым часам паглядаў на гадзіннік і думаў, чаму так зацягваюць свой выхад на сцэну суседзі.
Ён пачаў пазяхаць, слухаючы няспынны жончын маналог, хацеў ужо здацца: сказаць, што зараз жа верне тыя праклятыя Мікалайчыкавы правы, бо, па ўсіх прыкметах, хабару ад іх не дачакаешся… Апошняе, зразумела, ён не збіраўся казаць Галі. Інспектар толькі спадзяваўся на суседавым прыкладзе прадэманстраваць ёй, як цяжка, практычна немагчыма адмовіцца ад паднашэння: гэта з яе працаю, калі ніхто нічога нават не прапаноўвае, лёгка разважаць пра сумленне ды законнасць, а тут не абы-якія нервы трэба мець, характар, волю, каб не ўзяць!..
«Вось яно! – падумаў Юры Белы, калі раптам пазванілі ў дзверы. – Знайшлі, значыцца, грошы! Рады, рады за іх: цяпер гутарка будзе насіць прадметны характар».
Галя пайшла адчыняць, а праз паўхвіліны паклікала ў калідор мужа.
Як толькі Юры Уладзіміравіч увайшоў у пярэдні пакой, з вачэй у Алены пырснулі слёзы, і яна пачала галасіць, як па нябожчыку…
У першае імгненне інспектар нават падумаў, ці не зрабіў што з сабой той дурнец Мікалайчык, але, калі ўслухаўся ў суседчын лямант, зразумеў, што ўсё, можа, толькі занадта