Але паміж намі нічога не адбылося. Я паспрабаваў пацалаваць дзяўчыну ў вусны, але яна так ушчыкнула мяне, што прапала ўсякая ахвота.
Мы ляжалі побач і проста размаўлялі ні аб чым: пра зоры, якіх амаль не бачна, пра снег і вецер, пра дождж і завіруху, пра сонца і месяц, пра дзень і ноч, пра Кафку і Вулфа… пакуль, стомленыя, не засыналі.
4
– Насця! – паклікаў я дзяўчыну, але яна не адгукалася, зачыніўшыся ў ваннай. Верагодна, пакрыўдзілася, але я не адчуваў за сабой ніякай віны. – Насця! – зноў паклікаў я. Аднак дзяўчына маўчала. Я закурыў. Дым прыемна затуманіў мазгі, якія ўжо заплеснелі бескарыснымі думкамі. Дзверы ваннай адчыніліся. Насця грацыёзнай хадою кошкі падалася да мяне. Матава-бледны твар яе захоўваў непарушны спакой, нібыта нічога не здарылася, але кава вачэй здалася мне такой халоднай, гатовай выплеснуцца і замарозіць у імгненне ўсё жывое. Яна вырвала з маіх губ цыгарэту і зламала яе сутаргавым рухам пальцаў у попельніцы. Незатушаны цалкам попел разгарэўся зноў і задыміў. Дым падымаўся ўгару, як ад кубачка кавы – пара, толькі вось ад той кавы, якая мне падабалася, сыходзіў далёка не пахучы парочак. Насця, відаць, пачула, як я валэндаўся з запалкамі, таму і вызвалілася дачасна з добраахвотнага пастарунка. У мяне склалася ўражанне, што дзяўчына прыняла блізка да сэрца маю хваробу, бліжэй, чым я сам. Нашы позіркі, што сустрэліся, нібы два мячы ў бойцы, застылі ва ўпартай рашучасці і асабістай праваце, моцна самкнёныя вусны пакуль адмаўляліся ад ролі пасрэднікаў.
Насця першаю апусціла вочы, якія адразу пацяплелі, і я прыкмеціў ледзь заўважны, як ад цыгарэты, дымок.
– Табе нельга курыць, – стомлена прамовіла яна і села побач, узяла маю галаву ў свае цёплыя рукі з доўгімі нервовымі пальцамі.
– Я ведаю, – згадзіўся я, абняўшы Насціны рукі сваімі, з жоўтымі ад цыгарэт пальцамі.
– Тады навошта?..
– Зразумей, што хутка, ні з таго ні з сяго, нічога не робіцца, – патлумачыў я. – Як бы я не хацеў, вось так адразу ніколі б не кінуў курыць. Ды й навошта? Як ні банальна гучыць фраза, што Адам без цыгарэты – не Адам, – гэта праўда.
– Гэта глупства.
– Магчыма. Толькі іначай не атрымаецца. І хопіць пра гэта. Я не збіраюся пакуль на той свет. Куды ты знікла раніцай ды яшчэ ў маёй кашулі?..
Насця гладзіла мае валасы і не спяшалася з адказам. Мажліва, яна яго сачыняла, толькі я не хацеў чакаць, пакуль той адказ сфармулюецца ў звязны тэкст. Я вызваліўся з Насціных пяшчотных рук і падняўся з канапы…
Учорашнія Насціны намаганні разбіліся, бы аб сцяну гарох. Яна хацела ведаць пра мяне ўсё, толькі ўсё пра сябе не ведаў нават я сам.
– Навошта табе мая біяграфія? – пытаўся ў яе. – Няўжо нешта з гэтага зменіцца ў свеце? Стабілізацыя эканомікі ці ўсе народы раптам спыняць войны, зразумеўшы, што на працягу двух тысяч гадоў займаліся глупствам, і палюбяць адзін аднаго навечна? Не.
– Я пра цябе зусім нічога не ведаю, – цягнула сваё Насця, – акрамя самага горшага.
– Тым лепш, – падсумаваў я. – У цябе ёсць магчымасць да гэтага горшага лепшае