вось галоўная праблема: ці будзеш ты ў іпастасі грака памятаць, што ты – гэта ты? А калі не, калі не будзе прынцыповай розніцы паміж табой у новай цялеснай «апранасе» і табой, хворым, крый Божа, на хваробу Альцгеймера, пры якой чалавек страчвае сваю памяць, а значыць і сваё «я», калі так, дык ці не ўсё адно, вернешся ты або не, а калі і вернешся, то хіба істотна – у чыім абліччы: халаднакроўнай вужакі, перапоўненага каханнем марцовага ката, балотнай п’явіцы або блакітнага матылька – аднадзёнка? Не, мабыць, кот усё ж мае перавагі перад вужакай. Але ты рызыкуеш апынуцца ў зачараваным коле, бо мяркуеш пра свае новыя верагодныя ўвасабленні выключна з чалавечага гледзішча. А дзе, скажы, гарантыя, што ў момант свайго смяротнага ўкусу вужака не перажывае асалоды і шчасця, стакроць мацнейшых і шматстайнейшых за твае адчуванні пры самым фантастычным аргазме?
Дарэчы, пра аргазм. З якой прычыны табе ў гэты момант зазвычай прагнецца хоць на імгненне стаць жанчынаю, каб даведацца, што адчувае таямнічая істота, з якой ты дзеліш ложак? Можа, ніякай мексіканскай танцоркі напраўду ніколі не існавала, бо ў адваротным выпадку ты ну хоць нешта, нейкае каліва, але мусіў бы памятаць. Нельга ж пагадзіцца, што тая белазубая смуглявачка з пышным бюстам і ўсім астатнім сваім – тваім жаночым багаццем служыла эталонам фрыгіднасці і за свае пяцьдзесят тры (як паказалі эзатэрычныя табліцы) вірлівыя гады так нічога і не адчула.
Адзінае, на што ты катэгарычна не пагаджаешся – вярнуцца раслінаю. Ты згодны з філосафамі: любая, няхай сабе найпрыгажэйшая кветка ўсё адно асуджаная на сляпое, паўсоннае, прыкутае да зямлі існаванне. А вось непрыкметны камарык – насаты тварык – свабодны: звоніць у свой невідочны званочак, вырабляе складаныя піруэты ў сонечным промні, сам вызначае сабе шлях і выбірае ахвяру. Жывёла мае выбар, і ў гэтым сэнсе нябачная воку інфузорыя, якая займае сабой нейкую тысячную долю кроплі, сапраўды незалежная ад усяго астатняга Сусвету, а велічэзны клён, на галінцы якога яна вісіць, – несвабодны. Вырасці клёнам, каб нейкі апівуда пускаў на цябе свой пенлівы струмень і яму нельга было даць выспятка, ты не згодны. Няхай ужо тады будзе мікракосм інфузорыі… (Цікава, колькі інфузорыяў затаілася ў сусвеце тваёй біклажкі?)
Блукаючы ад клеткі да клеткі, ад глытка да глытка і ад рэфлексіі да рэфлексіі, ты настолькі заблытваешся ў іхнім багавінні, што ледзьве не прапускаеш падзеі, якая нядаўна крыху ўзбунтавала ціхамірную плынь аднастайных тутэйшых дзён, напоўніўшы сэрцы жыхароў і наведнікаў звярынымі і чалавечымі пачуццямі.
Зрэшты, у здарэнні няма нічога неардынарнага: белыя мядзведзі з’елі дзяўчынку Машу.
Гэтую афарбаваную светлым фаталістычным сумам гісторыю ты чуеш адразу ў некалькіх сагрэтых чалавечай спагадаю інтэрпрэтацыях.
Паводле першай, брацік неабачліва паставіў сястрычку на верх агароджы, а малой заманулася пагуляць з «мядзведзікамі». Праз хвілю аматары прыроды ўбачылі, што ласкавыя, амаль плюшавыя «мішуткі» хацелі есці. (Некаторыя