завостраныя бярвёны) дваццаць тысяч палонных. Далейшыя падзеі паказалі, што ў такіх справах Рагнедзін жаніх быў годным наступнікам сваіх продкаў.
Вернемся да прыезду ноўгарадскіх сватоў Вось што апавядае Лаўрэнцьеўскі летапіс: «Калі Рагвалод трымаў уладу і княжыў у Полацку, Уладзімір быў яшчэ паганінам і жыў у Ноўгарадзе. I меў ён дзядзьку Дабрыню, храбрага ваяводу… I паслаў той да Рагвалода людзей, і прасіў яго аддаць дачку за Уладзіміра. Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Уладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу».
«Не хачу разуці» – тагачасная форма адмаўлення сватам. Існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і знявага, бо полацкая князёўна гучна абвясціла: жаніх – сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба.
Далей летапісы кажуць пра гнеў Уладзіміра і яго дзядзькі, што набралі з ноўгарадцаў пскавічоў чудзі, весі і меры, а таксама са смаленскіх ды ізборскіх крывічоў вялізнае войска і рушылі на Полацк, дзе ўжо збіраліся выпраўляць Рагнеду ў Кіеў 3 Уладзімірам ішла дружына варагаў. Князь паабяцаў ім усіх жанчын і грыўню срэбра з кожнага захопленага двара.
Трэба зазначыць, што летапісцы часта па-свойму падавалі гістарычныя падзеі – рабілі іх больш рамантычнымі, набліжаючы свой аповед да літаратурнага твора. Напраўду галоўная прычына нападу на Полацк – не адмова сватам, а паход палачанаў на ноўгарадскія воласці з мэтаю забраць волакі.
Недзе на падыходзе да горада варожую раць сустрэла Рагвалодава дружына. Уладзімір напаў раптоўна, і полацкі валадар не паспеў сабраць усе свае сілы. Нашы продкі былі разбітыя, князь вярнуўся ў Полацк, ды не здолеў ні ўратавацца і сам, ні выратаваць сям’ю. «I паланілі Рагвалода, – піша летапісец, – і жонку яго, і дачку. I зневажаў Дабрыня яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабынічам, і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і мацерай. Пасля ж Уладзімір забіў бацьку яе, а самѵю ўзяў за жонку. I назвалі Рагнеду Гарыславаю». Іншыя летапісы дадаюць, што на вачах у князёўны правадыр чужынцаў пазбавіў жыцця двух яе братоў і маці, вынішчыў увесь род.
Усё жыццё не магла Рагнеда забыць тое «вяселле»: папялішча на месцы крывіцкае сталіцы, целы бязлітасна выразаных мужчын і плач паланянак, якіх чакалі нявольніцкія рынкі. Можа, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачанаў ці давераны чалавек самога князя Рагвалода закапаў у зямлю скарб, што ў 1972 годзе знойдуць на свежаўзараным полі хлапчукі з полацкай вёскі Каз’янкі, – 7650 срэбных арабскіх манет (куфіцкіх дырхемаў) агульнай вагою дваццаць кілаграмаў Напэўна, з тых далёкіх часоў Беларусь, а на беларускай зямлі – Полаччына, і пачала па колькасці знойдзеных скарбаў трымаць ці не першае месца ў Еўропе. Самалюбства наша праз гэтае лідэрства, вядома, цешыцца, аднак прычына ў яго сумная: хаваць набытак змушалі бясконцыя войны, што тры наступныя стагоддзі вогненнымі віхурамі праносіліся па Полацкай зямлі праз кожныя шэсць-сем гадоў.
Вядомыя