Уладзімір Арлоў

Таямніцы полацкай гісторыі


Скачать книгу

трое Рагвалодавічаў ляжалі на доле, звязаныя вяроўкамі.

      Колькі разоў каяўся Усяслаў за сваю даверлівасць па дарозе ў Кіеў і потым, у жудаснай земляной турме-порубе, куды яго кінулі, закаваўшы ў кайданы. Намеры Яраславічаў зразумелыя – згнаіць, звесці Рагвалодаў корань са свету, учыніць тое, што рабіў ды не скончыў Уладзімір з ваяводам Дабрынем. На літасць крывіцкі князь не спадзяваўся – ведаў які прыклад даў спадкаемцам сам Яраслаў Мудры: пасадзіў у поруб роднага брата Судзіслава, і сядзеў ён там чвэрць стагоддзя, пакуль не пачаў дыхаць на ладан. Толькі тады выпусцілі пляменнікі дзядзьку на божы свет, каб праз манаскі зарок вырваць адмову ад усякіх княжых правоў Такі, а мо і страшнейшы лёс чакаў і Рагвалодавічаў.

      Вязніца – сырая яма, накрытая зверху ў тры накаты бярвёнамі з маленькім вакенцам, праз якое ледзьве точыцца паветра ды прасоўваюць палоннікам хлеб з вадою. Наперадзе безнадзейнасць, і, здаецца, лепей перагрызці зубамі жылы ды сплыць крывёю, чым ператварыцца ў лядачага старога і бачыць, як гасне жыццё ў сынах. Але князя трымала на гэтым свеце думка пра Бацькаўшчыну, якую рабавалі кіеўскія стаўленікі. Трымала і надзея на паганскіх багоў, з якімі Чарадзей ад нараджэння стараўся жыць у згодзе: не крыўдзіў вешчуноў не руйнаваў капішчаў, будаваў над Дзвіною свой хрысціянскі сабор ды здымаў званы з сабора ноўгарадскага.

      Якому богу маліўся князь, у каго прасіў збавення ад палону – невядома. Аднак праз год вызваленне прыйшло.

      У 1068 годзе на кіеўскую зямлю ўварваліся полаўцы. Яраславічы выйшлі насустрач і былі ўшчэнт разбітыя. «За грахі нашы наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі», – выводзіў летапісец, успамінаючы вераломства пад Оршаю.

      Кіяне сабраліся на веча і запатрабавалі ад князя коней і зброі. Ізяслаў пабаяўся, што, перш чым ісці на полаўцаў падданыя расквітаюцца з ім самім. Вечавыя паслы вярнуліся ні з чым. У раз’юшаным чалавечым збоі ўсё часцей выгуквалі імя зняволенага ненавісным Ізяславам полацкага князя. Расійскі гісторык В. Тацішчаў адзначаў што кіяне пачалі дамагацца вызвалення Усяслава «яко искусного в войне» і патрабавалі адправіць яго «против неприятеля».

      Палова натоўпу пабегла да поруба, другая рушыла на вялікакняжацкі двор. Кіеўскія баяры раілі свайму гаспадару паслаць верных людзей, каб падманам завабілі Усяслава да вакенца і працялі мячом. Ізяслаў не адважыўся – загадаў сядлаць коней.

      «Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы на пятнаццаты дзень верасня, – сведчыць летапіс, – і праславілі яго пасярод княжага двара. Двор жа разрабавалі, безліч золата і срэбра ў манетах і злітках забраўшы». Ёсць падставы лічыць, што выбаўленню полацкага князя з вязніцы і абранню яго на велікакняжацкі пасад спрыяў ігумен Кіева-Пячорскага манастыра Феадосій. Вядома, што Чарадзей быў у прыязных дачыненнях і з адным з самых адукаваных людзей таго часу Антоніем Пячэрскім.

      Яшчэ раз дадзім слова летапісцу, узгадаўшы перад тым падзеі лета 1067 года, калі полацкі князь прыехаў да Ізяслава на перамовы