бачыў і запісваў ўсё, што з ім адбывалася.
Гэта не значыць, што Францішак ставіўся да эмоцыі рацыянальна. Зусім не. Гэты хтосьці, што заўсёды быў побач, нічога не ацэньваў. І не аналізаваў. Ён проста прысутнічаў, назіраў – як цень, як сведка.
Як метафізічны двайнік, прывідны doppelganger, задачай якога было проста быць. Там, на тым баку.
Асобным пунктам у маім партрэце мастака ў маладым узросце ішлі дачыненні Францішка з вусцішным.
Тут трэба ясна сказаць, што вусціш – гэта не проста індывідуальнае перажыванне чагосьці неверагодна жахлівага: смерці, пакутаў, знікнення.
Гэта не туга, што мякка вярэдзіць, не адпускаючы.
Не традыцыйная беларуская меланхолія, у якую патрапляюць героі Гарэцкага. І зусім не дэкадэнцкі сплін, у якім, калі верыць легендам, пражываў сваё жыццё Байран.
Гэта была менавіта вусціш.
Вусціш – гэта разуменне таго, што сусвет выдатна мог бы абысціся без чалавека. Што нічога – у халодных касмічных прасторах – не патрабуе нашай прысутнасці. І ніхто не заплача – там, далёка, калі ўсе мы раптам знікнем.
Потым я нават недзе напісаў, што гэта сталася важным – і нябачным – элементам ягонай паэтыкі.
Што амаль усе яго вершы здараюцца менавіта там, у прасторы, калі чалавек выходзіць з вусцішнага і бачыць – на хвіліну, хаця б на хвіліну, – які неверагодна прыгожы і дасканалы наш свет, як усё тут страшна істотна і як прадумана.
І не важна, кім і навошта.
Усё, нават у самых простых дробязях: гэты ліст клёна, крануты чырванню, які апускаецца павольна на зямлю. Гэтая птушка, што самотна сядзіць на абляцелым дрэве.
Жабка, што скача ў ставок у вусцішнай цішыні.
І, ясна, твар чалавека. Блізкага альбо далёкага. Твар, які заўсёды, як напісаў паэт, “пячаткаю трагічнай значан”.
Трэба сказаць, гэта адчувалася ў ім ад самага пачатку.
Ён любіў патрапляць на скрай, але абсталёўваўся там з фантастычнай утульнасцю. Складвалася ўражанне, што ён быў як дома ў самай адчайнай безнадзейнасці.
І нават сам шукаў пасткі і прадонні, якія нашэптвалі яму свае праўды і таямніцы.
Партрэт завяршала такая дробная асаблівасць, як ягоныя шалікі. Іх было многа і яны былі самых неверагодных колераў і фасонаў: ад звычайных шыйных хусцінак да доўгіх і насычаных колерамі прасцінаў, у якія, здаецца, можна было заматаць усяго Францішка, – і нават тады яшчэ б штосьці засталося. Як і дзе ён іх знаходзіў у савецкай цывілізацыі вечнага дэфіцыту – заставалася загадкай.
Я нават тады падумаў, што як мастакі пазнавальныя па сваіх бярэтках, так у паэтычную ўніформу мусіць абавязкова ўваходзіць шалік. І што калі ўяўляць знакі паэтычнага адрознення, дык яны мусяць быць менавіта там, на шаліку.
Напрыклад, паэты класічнага тэмпераменту мусяць насіць шалікі цёмна-сінія, альбо класічна шэрыя. З геаметрычнымі ўзорамі ці без іх.
Паэты сентыментальна-настраёвыя патрапляюць у разнастайныя адценні жоўтага і чырвонага. З кветачкамі альбо з экспрэсіўнымі абстракцыямі, у залежнасці ад густу і буйнасці.
Паэтам