– сакратара іх камсамольскай ячэйкі, якая вучылася курсам вышэй, дачку маёра. Таццяна, можа, і не была прыгажэйшая за іншых дзяўчат, але багата апраналася, першая абрэзала касу і зрабіла модную завіўку. Маёр калі-нікалі прыходзіў да яе, Таццяна брала яго пад руку, і яны шпацыравалі нейкі час ля вучэбнага корпуса, ля клёна і далей, а потым чырванатвары, з вялікім ротам і шорсткімі чорнымі валасамі маёр знікаў.
Апошні месяц, зусім нечакана, Таццяна звярнула на яго ўвагу, і Янка нават звадзіў яе аднойчы ў кіно; яны пасля доўга размаўлялі, і не толькі пра кіно, а ўвогуле пра ўсё (Таццяна, не ў прыклад іншым дзяўчатам, увесь час гаварыла пра палітыку), а вечерам, калі стала цёмна і можна было не саромецца сваіх падрапаных чаравікаў, Янка адчуў сябе зусім вольна, разгаварыўся, шмат смяяўся і перацвельваў выкладчыкаў, асабліва тых, хто яму не спадабаўся.
На развітанне Таццяна прагна цалавала яго ў губы, вочы яе блішчэлі ў святле месяца, але да яго не пайшла і да сябе не запрасіла.
Пасля яна раптам некуды знікла, пайшла нават пагалоска, што маёр ніякі ёй не бацька, потым яму падказалі, быццам яна зацікавілася маладзейшым за яе студэнтам-першакурснікам, які нядаўна прыехаў з заходняй вобласці, аж з-пад Ваўкавыска, – гнуткім прыгожым хлопцам, які дрэнна размаўляў па-расейску, але Янка і не вельмі шкадаваў, падсвядома ён заўсёды адчуваў, што тая Таццяна не для яго.
Ён таропка прайшоў ля купкі блатных – каб не прыцягваць іх увагі – і скіраваў да свайго пад’езда. Тут ён выпадкова наняў куток. Лепш было ў якой з хат, якія пачыналіся за квартал, а не ў напаўпадвале, у цагляных сценах, ды на заняткі адсюль побач. А гаспадыня, увесь час пад чаркай жанчына, якая прыбірала і абмывала начальства, многа не брала з яго.
На першым паверсе Янка наймаў у гаспадыні асобны пакойчык, дзе ўмяшчаліся ложак, стол і крэсла. Большага яму і не трэба было. Але неўзабаве ён хацеў пераехаць, бо надакучваў сын гаспадыні Міша – алігафрэн ад нараджэння, які ўвесь час круціўся навокал, і, калі не зачыніш дзверы, уціскаўся ў пакой і прасіў есці – абы набіць рот, і не ішоў, пакуль не атрымліваў няхай сабе і чэрствую скарынку. Янка ахвяраваў яму хлеба, хоць часта не хапала і самому (ён падрабляў грузчыкам на станцыі), а бацькі зрэдку давалі толькі які кавалак сала – пра кілбасы ці там паляндвіцу не было і гамонкі. Вёска галадала.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.