за сто дзевяноста, і значыць, ён можа выцягнуць верхні мяч, калі, вядома, прыгадае вугал. А вось ніжні – наўрад. Пайшоў і спыніўся для разбегу.
Што рабіць? Узяць пенальці – для варатара першая і ганаровая справа. Але ж зрабіць гэта заўсёды вельмі цяжка: прыкладна адзін шанец з дзесяці. Кожны з галкіпераў у такіх непажаданых выпадках выкарыстоўвае свае асабістыя напрацоўкі і хітрасці. Ён раптам успомніў адну з парадаў трэнера Палыча на гэты кшталт – збіць праціўніка з панталыку, і падумаў: а раптам спрацуе?
Максім хіснуўся ў правы бок, нагнуўся і зрабіў выгляд, што падымае з зямлі ці то каменьчык, ці то страчаны кімсьці шып ад бутсы. Той, хто будзе біць, вырашыць, што варатар кінецца менавіта ў гэты правы ніжні вугал, дзеля чаго цяпер і рыхтуецца, а каб не атрымаць траўму, нешта падбірае з зямлі.
З іншага пункту гледжання – гэта можа быць псіхалагічны падман. Але ў выканаўцы няма часу думаць. Яго падсвядомасць хістаецца ад супрацьлеглых маланкавых памкненняў, і… хутчэй за ўсё, ён выбірае менавіта супрацьлеглы вугал, а не той, адкуль нешта падабрана.
Варатар Максім Гудаў прыгнуўся і на які момант замёр у чаканні.
Чым будзе біць Бурэ? “Пад’ёмам”? “Пырам”? “Шведкай” – гэта значыць знешняй паверхняй ступні, альбо ўнутранай – “шчоткай”? А то яшчэ “паненкай” – знакамітым ударам па навеснай траекторыі даўняга вядомага чэшскага іграка Паненкі?
Урэшце, як бы ён ні біў – галоўнае, угадаць, у які бок паляціць мяч. Дакладней – у які вугал? Сачыць за разбегам. Так, свісток Стайлза. Разбягаючыся, Бурэ ледзь змясціўся ў правы ад яго бок. Значыць… будзе біць нізам і ў левы вугал. Верагодна, усяго толькі верагодна. Але… І ён, на якое імгненне раней, апераджаючы ўдар Бурэ, кінуў цела і правую руку ў ніжні левы вугал, і… мяч, адчувальна драпнуўшы кісць, змяніў напрамак, чыркнуў па бакавой стойцы і – вылецеў за вароты.
Стадыён зашумеў, закрычаў.
– Так! – закрычаў і ён разам з ім, і радасць выбухнула ў ім, і, высока падскочыўшы, ён секануў рукой паветра. – Так! Я ўзяў пенальці! Так! Выцягнуў з самага вугла!
Упэўненасць спакваля авалодала ім. І хоць пачуццё самоты засталося, амаль што знікла боязь прапусціць недарэчны гол, якога так прагнуў цяпер увесь саракатысячны натоўп тутэйшых заўзятараў ды яшчэ ў сто разоў большая іх колькасць перад экранамі тэлевізараў. І не меншая колькасць прыхільнікаў яго каманды там, на радзіме, спадзявалася зараз на яго спрыт і ўменне авалодаць сабой і сітуацыяй і, адпаведна, спадзявалася, што ён не прапусціць.
Валодаць сабой – вось за што ён увесь час змагаўся. Максім часам небеспадстаўна лічыў, што з нараджэння надзелены, хоць і ў малой ступені, зародкамі аўтызму, гэтай хваробай стагоддзя, пра якую раней амаль нічога не ведалі, але цяпер, дзякуючы распрацоўкам вядомых псіхааналітыкаў, азнаёміліся многія. Ва ўсялякім разе ён зноў і зноў перасільваў у сабе падсвядомае жаданне схавацца, зрабіцца непрыкметным, незаўважным ад усіх. Тым больш у такія адказныя моманты, як гэтая лёсавызначальная для іх усіх гульня.
Між