дараўнаецца. І дзеці дагледжаныя, паслухмяныя: хлопец і дзяўчынка.
Ён успомніў, як дзе й калі ў вёсцы пра гэты Аленін развод – “выгнала быка з хаты”, і нечакана як прасвятлела ў галаве: а Алена ж і праўда не збіраецца яго прывязваць. Яна ж і без мужа вунь падымае дзяцей. Яе клопат пра яго, Уладзіміра – зусім іншы клопат. Можа, і папраўдзе, шчыры, сяброўскі…
Склаў інструменты, занёс у хлеўчык, адтуль выкаціў матацыкл, які хаваў там ад спякотнага сонца.
– Паехалі? – сеў на матацыкл.
– Ага, – узнялася Алена, абцерла азадак.
Села, абхапіла рукамі, прыціснулася грудзямі да спіны – пругкімі, гарачымі.
І Уладзімір раптам адчуў, як токам яго працяло, колькі жадання ў жанчыне, колькі нерастрачанай пяшчоты і любові.
“Застануся! – як пакляўся сам сабе. – На адну ноч застануся. Вось проста аддзячу, каб свіннёй не быць…”
Але, калі Алена сабрала яму чыстую (і сапраўды – новую) бялізну, калі з асалодай вылежаўся чвэрць гадзіны ў ванне, а потым мыўся, яго цвёрдасць змянілася на млявы абавязак, змешаны з бояззю. І яшчэ болей завагаўся, напалохаўся Уладзімір, калі выйшаў з лазенкі, і Алена паклікала адразу на кухню: стол быў накрыты. А сама яна ў відавочна новым халаце з паўпразрыстай тканіны і не збіралася хаваць сваіх мараў, кожны рух яе цела, не надта прыхаваны шоўкам, клікаў і абяцаў, а заадно, здавалася, і папярэджваў насмешліва: “Нікуды не дзенешся”.
Ува Уладзіміра віравала ў душы пачуццё прыкрасці: сказала ўжо яму Алена, што дзеці ў бабы. Сказала прыгатаванай вячэрай і халатам празрыстым, пад якім свеціцца белымі карункамі бялізна (гэта ж яна на двары пад летнім душам мылася…), што запрашае яго, Уладзіміра, застацца. І калі ты здаровы і вольны мужык, у вачох якога Алена – кабета спраўная, здаровая целам, калі ты бачыш, што яна толькі чакае твайго жадання, і сама яна вольная, дык павячэраць, кінуць “дзякуй” і з’ехаць – тое ці нармальна для мужчыны? Гэта ж проста смешна! Што ён – імпатэнт?
Была б іншая якая – Уладзімір бы застаўся. А што яму, калі той – нішто? Але ж Алена…
Алена пачакала, пакуль Уладзімір сядзе пры стале, дастала аднекуль збоку паўлітровую пляшку.
– У мяне самагонка ёсць, маці гнала, добрая. На святаянніку настоеная, мяккая. Нальем для апетыту?
Уладзімір пачырванеў. Алена знайшла найлепшае выйсце, каб даведацца пра ягоныя планы і прапанаваць сябе. Калі Уладзімір вып’е, дык на матацыкл не сядзе – усе ведалі ў вёсцы непарушнае правіла Жабруна-малодшага: на слуп, выпіўшы, ніколі не палезе, за руль, хоць грамульку вып’е – не возьмецца…
– Ты хочаш, каб я нанач застаўся? – выціснуў Уладзімір з сябе пытанне, спадзеючыся ўпотай, што ў адказе Алены зможа нарэшце знайсці тлумачэнне сваім пачуццям: а ён сам чаго хоча?
– Я ж – жывая баба, – гледзячы яму ў вочы з сумнай усмешкай, што непрыгожа крывіла яе рот (з падмаляванымі? ну, так, падмаляванымі) вуснамі, адказала Алена. – Чаму мужыкі думаюць, што ім хочацца, а нам не? Ды што хочацца… Я