мне, а вось вярніся раптам бацькі назад, што сталася б з гэтымі дзіўнымі гасьцьмі? Зьніклі б раптоўна, як і зьявіліся?
А галоўнай вядзьмаркай, канечне, была мая бабуля. Якая да няўзнаву зьмянілася. І ўжо ніякай гульні-дыпляматыі не было ў ейных паводзінах, была такой натуральнай і прыгожай, гаманіла, жартавала, а часам і рагататал на ўсю сілу, бы сапраўдная волатка, якая змагла ворагаў з барбарыі.
Сьмяяліся, кпілі на ўсе галасы сьмелыя дзеўкі, мяне не сароміліся. Мальцаў абсьмеявалі мясцовых, старшыню крытыкавалі, крамніцу саўгаснай харчовай лаўкі бэсьцілі, як маглі, кпілі з нядаўна прысланага бацюшкі, дзівіліся, навошта ён зноў тут? Згаджаліся разам: толькі галаву дурыць людзям. А тады весяло завяршала мая бабуля: «Бальшавікі былі ды мінулі, бацюшкі не аднойчы былі ды мінулі, а мы, дзеўкі, застаемся – нас ня выкарчаваць адсюль». Пра хваробы, як ні дзіўна, не гаварылі. А тады нечакана, бяз уступу ўсякага ўзгрымнулі іх галасы і пацягнулі дзеўкі песьні журлівыя, да іх вясёлых строяў і колераў не пасавальныя. Песьні пра мінулае ды каханьне няшчаснае. І дасюль увушшу песьні тыя тужлівыя нагадваюць мне пра бабулю, якая падарыла мне цуд.
Ведаю, мне проста пашэнціла дакрануцца да такой казкі – да адзінай, першай казкі, якая зьмяніла маё жыцьцё. Казкі, якая і дзеецца толькі тут, у нас на зямлі. Іншых казак няма і быць ня можа, бо сапраўдная казка заўсёды недзе побач і з чалавекам дарагім, мілым зьвязаная. Мне пашэнціла мець бабулю ў вёсцы, простую і такую чароўную бабулю, якой больш няма…
Так надарылася за мною першая, спадзяюся, не апошняя казка жыцьця…
Другая казка
З сумам і гонарам гляджу з сяньняшняга ў дзяцінства. Смачнае, мяккае, але не пухматае, рэальнае, з турботамі, посьпехамі і паразамі, сьмерцю таты дзяцінства. Заўсёды ў жуду наступала казка, увівалася нахабна і нечакана, жыцьцясьцьвярджальна. Летняя і першая казка з бабуляй, у бабулі ў вёсцы назаўжды надала мне сілы, пераканала ў сэнсе жыцьця, у вартасьці існаваньня і назаўжды адвярнула мяне ад ідэі, думкі пра самагубства.
Другая ж казка спаткала мяне неўзабаве пасьля зьдзяйсьненьня першай, пасьля апусканьня ў сьвет роднай мовы, якую хавалі ад мяне ў горадзе. Якую хавалі ці не ад усіх беларусаў у музэях, архівах, могілках і вёсках. Чужая краіна, у якой жылі беларусы – СССР – была, дадушы, чужой, гвалтоўнай. І ўсе беларусы разумелі, адчувалі гэта на сваіх скурах, на сваіх языках і вушах. А калі некаторыя не хацелі і ня хочуць прызнаваць гэтага, то гэта азначае хіба адно – яны хлусяць самі сабе. Мая першая казка пра чароўную бабулю і манструёзнае места якраз сьведчыць аб велізарнай супярэчнасьці чужога ўтварэньня – СССР – на беларускай зямлі.
Але вярнуся да другой, ня менш важнай казкі майго жыцьця – казкі пра тое, як і калі я адчуў сябе геям. Ня проста так зразумеў усё я пра сябе – казкава дайшоў я да сябе. Праз бабульку ў вёсцы я зразумеў, што я – беларус. Спазнаў сьвет па‐беларуску. На прыкладзе