вельмi ветлiвы прыём. На другiм паверсе цаглянага катэджа нас сустрэла дробненькая, амаль карлiца, жанчынка ў блакiтным парыку. Яна i паказала мне беларускую, а Мухтару казахскую палiчкi. Амангельды меў больш сцiплыя запатрабаваннi, яго цалкам задаволiла падшыўка маскоўскага гумарыстычнага часопiса «Кракадзiл». Пакуль я, седзячы на кукiшках (беларуская палiца была пры самай падлозе) выбiраў чытанку, Амангельды рагатаў на ўвесь двухпавярховы катэдж. Сорамна было не толькi мне, але i Мухтару. Толькi я зрабiў выгляд, што не бачу таго сораму: вы – казахi, самi i разбiрайцеся мiж сабою, мая справа ў iншым баку…
На прыпадложнай палiцы вышнуравалiся новенькiя, амаль негартаныя томiкi аўтараў са школь най праграмы, нi больш нi менш. Толькi хрэстаматыйныя мелi пропуск у артэкаўскую бiблiятэку. Бог з iмi, з пропускамi, не горшыя ў беларусаў хрэстаматыi, калi ёсць Купала, Колас, Багушэвiч i Багдановiч. Мне, вядома, як большасцi сямiкласнiкаў, а не сямiкласнiц, хацелася ўзяць прозу. Кнiгу ў пiянерскiх лагерах успрымалi неадназначна. З аднаго боку, гэта адзiная рэч, якой дазвалялася ляжаць на тумбачцы, а з другога боку, калi нехта ўбачыць, што хлопец чытае вершы, дык мог узнiкнуць цэлы абвал кепiкаў i падначак. Зразумела, калi вершыкi не пiянерскага зместу (пра iх будзе асобны абзац). Дык вось, беларуская хрэстаматыйная проза, кажучы па-бiблiятэкарску тактоўна, мяне зусiм не зацiкавiла. Пасля бойкi з Вiцем з Вiцебска розных здзекаў я не баяўся. З палiцы ўзяў сiнi том Максiма Багдановiча. Чытаў я тады, як i цяпер, вельмi марудна, таму кнiга i праляжала на тумбачцы амаль усю змену. Том Багдановiча быў мне за сiмвал адметнасцi, за знак няроўнасцi i суверэннасцi хоць бы адной асобна ўзятай тумбачкi. І калi хто з расейцаў казаў пра аднолькавасць нашых моў, дык i трох радкоў было дастаткова, каб давесцi адваротнае.
Не ведаю, наколькi гэта натуральна, але беларусам я сябе адчуваю за межамi Беларусi. На Радзiме я – лiтаратар, журналiст, мастак, асоба мужчынскага полу, вайсковаабавязаны, пасажыр, пешаход, мiнак, настаўнiк… Хто заўгодна, сто разоў нехта i толькi потым беларус. Раней мяне вельмi палохаў той факт, што расейцы i габрэi ўсё больш i больш пачуваюць сябе ў Беларусi менавiта габрэямi i расейцамi. А цяпер я нават вiтаю iхняе вяртанне ў роднае нацыянальнае ўлонне. Хай у маёй Айчыне кожны небеларус адчувае сваю нацыянальную прыналежнасць, лёгкi смутак i настальгiю, якую па вечарах адчуваў я, лежачы на другiм ад акна ложку, у 311 пакоi на 3 паверсе, Крыштальнай дружыны, Горнага лагера, у Артэку, калi трымаў перад вачыма томiк Максiма Багдановiча, любiмага паэта нацыi.
У кожнага народа ёсць вялiкi паэт: у ангельцаў – Байран, у немцаў – Гётэ, у японцаў – Басё. Але ў кожнай нацыi, акрамя вялiкiх, народных, прызнаных, вядомых i малавядомых, маладых i пачаткоўцаў, ёсць паэты любiмыя: у японцаў – Ісiкава Такубоку, у ангельцаў – Джон Кiтс, у расейцаў Мiхаiл Лермантаў… Вельмi сумна, што ўсе яны сышлi з жыцця ў маладым веку. А можа, гэта неабходная адзнака ў бiяграфii паэта, каб яго спачатку пашкадавала, а пасля палюбiла нацыя? Але гэта пытанне зусiм не артэкаўскае, яно з часоў сённяшнiх, калi зрабiлася вiдавочна, што нават у лагерах дружбы выспельвалася