Адам Глобус

Толькі не гавары маёй маме… (зборнік)


Скачать книгу

анатомiя чалавека. Толькi лета ўсё што заўгодна лечыць. Таму ўвосень я ўжо не перажываў, калi даведаўся, што збiраць бульбу мы будзем у розных вёсках. Сярод дзяўчат на жывапiсным былi таксама прыгожыя. А на вёсцы яно ўсё прасцей, чым у горадзе. Сена, салома, конi, вогнiшчы, вiно… Усё зразумелае, намацальнае, без вокнаў на пятым паверсе. І нiякiх патрабаванняў нi да iншых, нi да сябе. Я, слова гонару, i не паехаў бы ў тую вёску Вуглы, дзе Вольга працавала на кухнi, каб Гэля Астравец не пабiла сабе копчык. Каталiся ўсе на дупах са стога, вось жа не пашанцавала, з’ехала якраз копчыкам на камень. Адкуль той камень у саломе з’явiўся? А яна на той камень якраз копчыкам. І ўсе смяюцца. Нехта, здаецца, Генадзь Чэх, ён самы майстар пакпiць, кажа: «Ты, Астравец, зламала хвост i стала чалавекам. Радуйся!» I Гэля засмяялася, i нават не засаромелася сваiх гнiлаватых пярэднiх зубоў. Так яна заўсёды iх губамi прыкрывала, калi казала «ох». У яе звычка была казаць «ох». А тут «ох», i копчыкам на камень. І ўсе смяюцца, i яна ляжыць на саломе i смяецца, выставiўшы рудыя драпежныя зубкi, а з вачэй кракадзiлавы слёзы цякуць.

      I я пашкадаваў Гэлю, закрычаў, што трэба лекара выклiкаць. А ўсе аж заходзяцца. Ну, якi, скажыце, на вёсцы лекар? Да блiжэйшага тэлефона сем кiламетраў. А я пабег да Алеся Ласевiча, ён добры i якраз у той дзень на канi працаваў. Падбег i кажу: «Высыпай бульбу з воза!» – i так распсiхаваўся, ну, проста жах, са мной такое бывае, калi пачынаюць смяяцца, я тады звярэю. Вывернулi мы бульбу на полi, я схапiўся за аброць i падвёў каня да стога. Накiдаў саломы i сказаў, каб Гэля лезла ў воз, бо павязу яе да лекара ў Вуглы.

      Вераснёвы лес, сонца, цiха, толькi колы на карэннi гупаюць дый конь Арцём вецер пускае. Наеўся, гад, бульбы ды пускае смурод, хоць я да гэтага i нармалёва стаўлюся. Конь ёсць конь, ён не еў розных там яблыкаў з райскага дрэва i сораму не разумее, дзякуй Богу. А вось Гэля ўсю дарогу перажывала, што перад нейкiм вясковым фельчарам давядзецца распранацца i паказваць копчык. А мяне смех душыў, як уяўлю фельчара, што абмацвае копчык. Толькi Астравец не дазволiла мне ў тую лякарню вясковую зайсцi. Лякарня, смех сказаць, нейкi кабiнецiк у аднапавярховай пачатковай школцы. Я на вулiцы пастаяў i дзецям пазайздросцiў. Яны падчас перапынку ў двары гулялi, бегалi там у «квача» i ўсё такое. Я падумаў пра сваю дзевятую школу, пра яе цёмныя калiдоры. Яе цяпер, дарэчы, у школу для дэбiлаў ператварылi. І слушна. А я тады першы раз у жыццi пашкадаваў, што вучыўся ў горадзе, а не на вёсцы.

      Калi Гэля выйшла на двор, яна iшла, як старая качка, перавальвалася з боку на бок. А я не ўсмiхнуўся, а толькi сказаў, што мы спознiмся на абед i лепш паехаць паесцi да скульптараў. Гэля казала, што есцi ёй зусiм не хочацца, толькi я не паслухаў i павярнуў каня да сталоўкi, дзе кухаркай Вольга Пакроўская працавала. Яна нас пакармiла вараным мясам i кiсялю налiла, i ўсё было б добра, каб не Сяржук. Ён узяў i сказаў мне, што Вольга закахалася ў вясковага агранома. Лепш бы ён мяне ўдарыў цi плюнуў мне ў твар, сапраўды, было б не так балюча. А то ўсю дарогу з Вуглоў я ледзь не плакаў. І не таму, што лiчыў сябе лепшым за нейкага там агранома цi трактарыста, а проста хацелася плакаць, i