Пётр Друждж

Бітва пад Оршай 1514 года


Скачать книгу

жыццёвых патрэб рыцарскага саслоўя. Чыншавага падатку, які да гэтых пор плацілі сяляне сваім панам, перастала хапаць. Каб палепшыць фінансавае становішча, падымаліся стаўкі павіннасцей і пашыраліся абшары землеўладанняў. Якраз з канца XV ст. у гаспадарчым жыцці Польшчы зацвярджаецца фальваркава-паншчынная гаспадарка, якая тры наступныя стагоддзі з’яўлялася дамінуючым элементам у структуры сельскагаспадарчага жыцця краіны.

      Падобныя працэсы ахапілі ў тыя часы і значную частку суседніх краін. Па вялікім рахунку, уся Цэнтральная і Усходняя Еўропа ўваходзіла ў перыяд развіцця паншчыннай гаспадаркі. Гэтыя перамены абышлі бокам Заходнюю Еўропу, дзе “першую скрыпку” грала мяшчанства. У выніку ў эканамічным развіцці еўрапейскага кантыненту паўстаў своеасаблівы дуалізм. Гэтыя два светы не супернічалі паміж сабою, а наладзілі супрацоўніцтва, давёўшы яго да пэўнай ступені ўзаемазалежнасці. Першапачаткова сельскагаспадарчыя краіны атрымлівалі з такога стану рэчаў больш непасрэдных выгодаў. Аднак з часам аказалася, што менавіта Захад развіваецца больш хутка ў эканамічным плане. Спецыялізацыя Польшчы як сельскагаспадарчай краіны паставіла яе ў залежнасць ад замежнага капіталу.

      Паспяховае развіццё фальваркава-паншчыннай гаспадаркі было ўзаемазвязана з паступовым ростам прыгоннай залежнасці сялян ад шляхты. З цягам часу гэта прывяло да падзення ўзроўню жыцця сялянства і, як наступства, да абмежавання попыту на тавары, якія вырабляліся ў гарадах. Вытворчасць тут пачала губляць стымулы для развіцця. Вынікі сталі відочныя толькі ў пазнейшыя часы, калі выраб прадукцыі на месцах альбо ўпаў, альбо трапіў у залежнасць ад замоваў шляхты. Пагаршэнне становішча сялянства пацягнула засабой і іншыя наступствы, якія адыгралі грамадную ролю ў будучыні. Так, адпрацоўка паншчыны з’яўлялася адным з найменш эфектыўных відаў працы. Яна выконвалася пад прымусам, які не меў нічога агульнага з матэрыяльным стымуляваннем. Нягледзячы на тое, што вялізныя абшары, якія займалі шляхецкія і магнацкія фальваркі, гарантавалі адпаведна значныя прыбыткі, вядзенне экстэнсіўнай гаспадаркі ў іх давала меншыя зборы ўраджаю, чым у краінах, дзе паншчыны не было. Насуперак агульнапрынятым сцвярджэнням, сельская гаспадарка Польшчы не была ў першых шэрагах на міжнароднай арэне. Усё часцей адбываліся ўцёкі сялян з-за звышвысокага прыгнёту. Яны перасяляліся на неабжытыя тэрыторыі, ствараючы групы вольных людзей. Формай абароны ад панскага прыгнёту, акрамя ўцёкаў, таксама сталі выступаць сялянскія паўстанні. Фальваркава-паншчынная гаспадарка вяла да значнага маёмаснага расслаення. Гэта, у сваю чаргу, стварала вялікую прорву паміж рознымі групамі тагачаснага грамадства. Селянін усё менш цікавіўся палітычным жыццём краіны. Пад інтарэсамі народу разумеліся шляхецкія інтарэсы, таму для сялянства яны рабіліся чужымі і абыякавымі. Як моцна гэта паўплывала на развіццё Польшчы, мы ведаем з пазнейшай гісторыі.

      XVI ст. амаль ва ўсёй Еўропе