Коллектив авторов

Ева ў пошуках Адама (зборнік)


Скачать книгу

быў такі свой куточак, дзе б я мог застацца зусім-зусім адзін. Студэнцкі інтэрнат стаў для мяне на час вучобы сапраўдным іспытам, і ратаваўся я ў горадзе: калі ўзнікала вострая, амаль фізічна адчувальная неабходнасць пабыць аднаму, пазбавіцца ад хоць чыёй увагі, я садзіўся ў любы тралейбус і, праехаўшы колькі прыпынкаў, выходзіў і блукаў. У вялікім горадзе ўсе адзінокія, калі толькі ты не ідзеш з некім па шматлюднай вуліцы. А ў нашым невялікім райцэнтры так не атрымліваецца: ужо месяцы праз тры са мной сталі вітацца на вуліцах людзі. Тут твой няспешны шпацыр можа быць перапынены ў любую хвіліну, а галоўнае – ты заўжды застаешся пад увагай, бо заўсёды знойдзецца нехта, хто паглядзіць табе ўслед са сваімі здагадкамі: бач, следчы пракуратуры задумаўся, пэўна справу расследуе – мабыць, пра нядаўняе згвалтаванне. Могуць спыніць і спытаць з вельмі спачувальным выглядам: што, браце, задумаўся? Ды адпачываю, адпачываю я! Так іншы раз хочацца крыкнуць: «Адпачываю ад вас, ад вашых твараў, слоў, позіркаў…»

      У рабочым інтэрнаце я быў адзіны халасцяк на ўвесь доўгі і цёмны, як глыбокая труна, паверх. Можа, неяк прызвычаіўся б да дзіцячага плачу-смеху, страляніны і беганіны, да сямейных сварак і п’яных спеваў ці крыку штовечар, да кухонных звад… Але праз тыдзень мяне ўжо запрашалі то ў адзін пакой – рыбкі прывезлі, то ў другі – ад цешчы свежына. Мае катэгарычныя адмовы зусім не дапамагалі: раз на тыдзень у дзверы грукалі добра захмялелыя мужыкі і сілай цягнулі мяне да сябе. Пазбавіцца іх назойлівасці было немагчыма, але і злавацца на іх я не мог, бо бачыў: рабацягі-сямейнікі шчыра хацелі пачаставаць мяне нечым смачным, яны дружна лічылі сваім абавязкам разнастаіць мае вечары і стараліся «забяспечыць добрай бабай на ноч, галоўнае – акуратнай».

      Надзея, суседка, была невысокага росту, крыху паўнаватая, але дужая і ўвішная – гэта я найперш заўважыў. Бо ўжо на другі дзень пасля свайго засялення пабачыў, як яна шчыравала з рыдлёўкай на сваіх градах. Што здзівіла мяне: яна была ў белых шортах і кароткай жоўтай майцы – тады якраз надарыліся апошнія сонечныя дзянькі перад цяперашняй хмурнасцю. Я выйшаў з кубкам кавы праз заднія веснічкі і хацеў усесціся на лаўцы пад яблыняй (там гаспадары дома зрабілі куточак для адпачынку). Надзея, штохвілінна згінаючыся, дэманстравала мне свае пругкія клубы і аголеныя ногі, якія ўжо добра пачырванелі пад зыркім травеньскім сонцам. Да яе было метраў сем, мабыць, і яна адчула мой далёка не цнатлівы позірк, бо разагнулася, паправіла валасы і павярнулася да мяне.

      – Вельмі бянтэжу вас сваім голым задам? Страшна на лаўку сесці?

      Пытанне было нечаканым для мяне, таму я адказаў не адразу. Глядзеў у яе прымружаныя вочы, дзе хавалася прыязная гарэзлівая ўсмешка (ды амаль насмешка!), разгублена маўчаў і адчуваў, як чырванею, ды злаваў на сябе: ну чаму я маўчу! А яна абаперлася на ўторкнутую ў зямлю рыдлёўку і прадоўжыла:

      – То пацярпіце ўжо, мне мала засталося. Бо перадам павярнуцца не магу.

      – Чаму? – няўклюдна запытаўся я.

      – Ды цыцкі вам на вочы вывальвацца будуць, – засмяялася яна, і толькі цяпер я звярнуў увагу на глыбокі выраз