Коллектив авторов

Зоркі над вельдам (зборнік)


Скачать книгу

іеўская, Наталля Ярмольчык, Юля Цімафеева

      © ТАА "Электронная кнігарня", 2016

      Паўднёвая Афрыка

      Герман Чарлз Босман

      Чырвоны карак

      “Чырвоныя каркі”,[1] сказаў дзядзька Схалк Лоўрэнс, – вялікія дзівакі. Аднойчы вось разбіраліся мы, я і мой пляменнік Ханэс, з парачкай ангельцаў пад Дэветсдорпам.[2] Гэта адбывалася неўзабаве пасля Санас-Поста,[3] і мы з Ханэсам сачылі за дарогай, лежачы за скалой. Ханэс бавіў такія вось хвіліны, робячы, як ён казаў, карысную справу. На пляскатым камяні ён падпілоўваў кончыкі патронаў для маўзера, пакуль праз сталь не паказваўся свінец, і такім чынам ператвараў іх у кулі дум-дум.[4]

      З гэтай нагоды я часта звяртаўся да свайго пляменніка.

      – Ханэс, – казаў яму я, – рабіць такое – грэх. Бог глядзіць на цябе.

      – Нічога страшнага, – адказваў Ханэс. – Бог ведае, што ў нас тут ідзе бурская вайна, а ў ваенны час ён заўсёды прабачае такія дробязі, асабліва калі наўкола столькі ангельцаў.

      Як бы там ні было, мы, лежачы за скалой, убачылі далёка ўнізе, на дарозе, двух вершнікаў, што падымаліся галопам угару. Мы стаіліся, замерлі і дазволілі ім наблізіцца да нас прыкладна на чатырыста крокаў. Гэта былі ангельскія афіцэры. Яны сядзелі на самых лепшых конях, а іх мундзіры глядзеліся вельмі прыгожа і акуратна. Самыя элегантныя спадары, якіх я толькі бачыў апошнім часам, – мне нават зрабілася крыху сорамна за мае ўласныя зношаныя нагавіцы і вельдскуны.[5] Я ўзрадаваўся, што ляжу за скалой і яны мяне не бачаць. Мяне і асабліва маю камізэльку, усю парваную ўнізе спіны: тры дні таму мне давялося досыць хутка прабірацца праз агароджу з калючага дроту. І зрабіў я гэта ў самы час. Наш вельдкарнэт,[6] які быў тоўстым і не мог перасоўвацца так хутка, бег дзесьці ў дваццаці ярдах за маёй спінай. Ён так і застаўся на дроце з куляй у целе. Адзінае, за што я ўдзячны Першай англа-бурскай вайне,[7] – гэта мая худзізна і абыякавае стаўленне да мазалёў.

      Я і Ханэс стрэлілі адначасова. Адзін з афіцэраў зваліўся з каня. Ён плячыма грымнуўся на зямлю і двойчы перакуліўся, уздымаючы кожны раз клубы чырвонага пылу. І тады другі афіцэр зрабіў дзіўную рэч. Ён спыніў каня і спешыўся. Зірнуў у наш бок. А потым падвёў каня да таго месца, дзе курчыўся яго спадарожнік. Яму спатрэбілася колькі часу, каб пасадзіць параненага на каня – не так ужо і лёгка падняць чалавека, калі ён зусім бездапаможны. Рабіў ён гэта марудна і спакойна, нібыта зусім не хвалюючыся, што чалавек, які падстрэліў яго сябра, ляжыць усяго за чатырыста ярдаў. Неяк ён перакінуў параненага праз сядло і пакрочыў побач з канём. Цераз некалькі крокаў спыніўся – падалося, пра штосьці ўспомніў. Развярнуўся і памахаў рукой у той бок, дзе, на яго думку, маглі хавацца мы, нібы запрашаючы стрэліць яшчэ раз. Увесь гэты час я проста назіраў за ім, дзівячыся такой вытрымцы.

      Але калі ён памахаў нам, я ўсадзіў чарговы патрон у маўзер і прыцэліўся. З такой адлегласці схібіць я не мог. Цэліўся вельмі старанна і быў ужо гатовы спусціць курок, як раптам Ханэс паклаў руку на рулю і штурхнуў вінтоўку.

      – Не страляй, дзядзька Схалк, – сказаў ён. – Гэта мужны чалавек.

      Я здзіўлена паглядзеў на Ханэса. У яго быў вельмі бледны твар. Я прамаўчаў і дазволіў вінтоўцы зваліцца ў траву. Але я не зразумеў, што гэта найшло на майго пляменніка. Здавалася, што не толькі ангелец, але і Ханэс добры такі дзівак. Глупства нейкае – не забіць чалавека толькі таму, што ён мужны. Калі ён мужны і змагаецца пры гэтым на баку ворага, гэтага больш чым дастаткова, каб забіць яго.

      Потым яшчэ некалькі наступных месяцаў мы з пляменнікам Ханэсам ваявалі разам. Але аднаго дня ў сутычцы над Ваалем[8] Ханэса і яшчэ пару тузінаў бураў адрэзалі ад нашага каманда.[9] Давялося здацца. Тады я бачыў Ханэса апошні раз. Пазней я даведаўся, што калі пляменніка ўзялі ў палон, то абшукалі і знайшлі кулі дум-дум. І застрэлілі за гэта. Я быў у роспачы, калі дазнаўся пра яго смерць. Ён заўсёды быў жыццялюбам і аптымістам. Магчыма, Ханэс і меў рацыю, калі казаў, што Бог не звяртае ўвагі на такія дробязі, як кулі дум-дум. Яго памылка палягала ў тым, што ён забыў пра ангельцаў: яны звяртаюць на гэта ўвагу.

      Я быў у вельдзе да канца вайны. Потым мы склалі свае вінтоўкі і разышліся па дамах. Сваю ферму я пазнаў дзякуючы разлому пад узгоркам, дзе я здабываў сланец, каб пакласці ў гумне падлогу. Гэта было ўсё, што ад яе засталося. Усё астатняе было знішчана. Дом згарэў. Землі ляжалі закінутыя. Быдла і авечкі былі зарэзаныя. Нават камяні, якія я сабраў у кучу для крааляў, былі параскіданыя. Мая жонка вярнулася з канцэнтрацыйнага лагера, і мы выправіліся разам паглядзець на сваю старую ферму. Жонка трапіла ў лагер з двума нашымі дзецьмі, але вярнулася адна. І калі я зноў убачыў яе і заўважыў, як яна змянілася, то зразумеў: я, чалавек, што прайшоў праз усе бітвы, сапраўднай бурскай вайны не бачыў.

      Ні Сані, ні я не хацелі вяртацца на старую ферму. Без дзяцей, што