Коллектив авторов

Зоркі над вельдам (зборнік)


Скачать книгу

сядзеў на верандзе з дзіцем на каленях.

      У той жа час многіх суседзяў раздражняла сяброўства Коса Стэйна з “чырвоным каркам”. Яны называлі яго паражэнцам і здраднікам радзімы. Ён зблізіўся з чалавекам, які судзейнічаў падзенню афрыканерскай нацыі. Але называць Коса Стэйна паражэнцам было несправядліва. Калі пачалася вайна, Кос жыў у акрузе Граф-Рэйнет,[22] а таму ён быў капскім бурам і не мусіў ісці на вайну.[23] Тым не менш ён далучыўся да фрыстэйцкага каманда і ваяваў ажно да самага заключэння міру. Калі б ангельцы ўзялі яго ў палон, то маглі б расстраляць як паўстанца – як расстралялі Схеперса[24] і многіх іншых.

      Аднойчы, калі мы сабраліся на пошце ў Вілема Одэндала, пра гэта загаварыў Герардус Гробелар:

      – Ты робіш няправільна, – сказаў ён. – Буры і ангельцы – ворагі яшчэ з часоў Слагтэрснэкскага паўстання.[25] Гэтую вайну мы прайгралі, але аднойчы мы ўсё адно іх пераможам. Гэты абавязак мы перадамо дзецям нашых дзяцей – змагацца супраць “чырвоных каркаў”. Успомні хаця б канцэнтрацыйныя лагеры.

      Мне падалося, што ў словах Герардуса было шмат праўды.

      – Але цяпер ангельцы побач з намі, і нам трэба неяк з імі жыць, – адказаў Кос. – Можа, калі мы зразумеем адно аднаго, нам больш не давядзецца ваяваць. Гэты Вэбер, ён ужо добра гаворыць на афрыкаанс і калі-небудзь ён можа зрабіцца адным з нас. Адзінае, чаго я не магу зразумець, – гэта навошта ён кожнага ранку прымае ванну. Але калі ён перастане гэта рабіць і не будзе больш чысціць зубы, то вы наўрад ці адрозніце яго ад бура.

      Хаця ён і паспрабаваў аджартавацца, мне падумалася, што ў словах Коса таксама шмат праўды.

      Тады, праз год пасля засухі, акурат успыхнула эпідэмія сібірскай язвы. Здавалася, што хвароба хаваецца ў траве вельда, у вадзе ставоў і нават у паветры, якім дыхала свойская жывёла. Паўсюль мы знаходзілі трупы кароў і авечак. Мы ўсе хадзілі прыгнечаныя. Амаль усе мы, жыхары гэтай часткі Марыка, пачалі ўсё з нуля дзякуючы дапамозе ўраду. Цяпер, пасля мору скаціны, у нас не засталося нічога. Спачатку засуха вярнула нас да таго стану, у якім мы былі, калі толькі прыйшлі сюды. Цяпер праз сібірскую язву мы страцілі нават надзею. Мы не маглі пасеяць кукурузу, бо пасля паморку ў нас не было валоў, каб узараць зямлю. Людзі пагаворвалі пра тое, што самы час прадаваць маёмасць і ісці шукаць працы на залатых рудніках. Мы даслалі ўраду петыцыю, але карысці з гэтага не было.

      І вось тады хтосьці прапанаваў перасяліцца ў іншае месца. Некалькі дзён мы ні пра што іншае не гаварылі. Пытанне ў тым, куды перасяляцца. У Радэзію[26] нас не пусцяць, баючыся, што мы прынясем з сабой сібірскую язву. Ісці ў іншую частку Трансвааля таксама не мела сэнсу. Хтосьці згадаў пра нямецкія раёны Заходняй Афрыкі. Ніхто з нас не быў там раней, і менавіта таму, думаю, мы ўрэшце вырашылі адправіцца туды.

      – Англія прынесла ў Паўднёвую Афрыку толькі спусташэнне, – сказаў Герардус Гробелар. – Застацца тут – значыць памерці. Трэба ісці туды, дзе няма ангельскага сцяга.

      Мы