Віктар Казько

Неруш


Скачать книгу

паглядзела ў стомленыя і рахманыя вочы каровы і адчула, што несправядлівая да сваёй Мілкі. Ёй, Ненене, што, яна баба, а бабы – яны трывалыя, ды тады сярод жыцця ўсё было, сярод жыта, у разоры, у разоры сярод жыта вясковыя бабы звычныя раджаць. А тут жа няхораша атрымоўваецца, нядобра, непрыстойна жывёле апраставацца сярод пагоста, дзе людзі адпачываюць, разумець жа трэба. Шывы асудзіць, абгаворыць і забудзе, даруе, а нябожчыкі не даруюць. У людзей вока нядобрае бывае, сурочыць могуць людзі, а хто ж гэта ведае, якое вока ў нябожчыка.

      I стаяла яна перад могілкамі на вачах жывых і мёртвых са сваёй каровай Мілкай, чортавай Рабой, усёю жаночай сваёй істотай адчувала, што ўжо час, падпірае ўжо Мілцы, і не ведала, куды кінуцца з гэтай сваёй бядой, як схаваць яе. I ў тую толькі хвіліну яна нарэшце зразумела сваю дачку – і даравала ёй, даравала нават тое, што яна сама загубіла сябе. Вось так яна бедавала і яна, адна як вока ў вялікім і чужым горадзе, і не наважылася нікому даверыцца, нікому, акрамя маці, гора не нарабіла.

      – Жывёле страха трэба… – Ненене і не прыкмеціла, як падышоў Махахей. – Далікатная яна ў цябе, да цяпла, да печы прывыкла.

      – Не-не-не, яна трывушчая, – Ненене спалохалася, што Махахей здагадаецца аб усім. I прагоніць яе разам з Мілкай з могілак. I, нібы спрабуючы ўтаіць, прыкрыць гэты міжвольны грэх сваёй Мілкі, стала каля распёртага бока каровы, крыжам раскінула рукі.

      – Што хаваеш? – усміхнуўся Махахей. – Жыццё. Не ў прыполе яе прынесла. – Сказаў гэта і, нібыта згадаўшы штосьці, збянтэжыўся, загаварыў груба: – Жывёла ўсё вытрывае, ды нечага ей глядзець, як людзі на могілках перабіваюцца. Нечага і ім, – паказаў на крыжы, – як жывое на свет з'яўляецца, бянтэжыць іх.

      Ненене яшчэ нічога не цяміла, а Махахей, добрая душа, некуды знік і тут жа з'явіўся зноў з коллем над пахай і рулонам рубсройду па плячы. Пачаў забіваць колле ў зямлю, выгароджваць каля могілак месца жывёле. Ненене даверылася Махахею, даручыла яму сваю Мілку і пачала азірацца, каму б гэта дапамагчы і ёй. Старая Махахеіха ўскараскалася на табурэт і з вышываным ручніком у руках цягнулася да крыжа, што быў на ўваходзе па могілкі.

      – Баба Хвядора, ці да ручнікоў зараз, не свята ж, не радуніца.

      – Ой, доньку, яны нас прымаюць, мы да іх прыйшлі, а ты ім ручніка пашкадавала. Грэх… Тут у вайну немцы ішлі, дык адзін ручнік з крыжа ўхапіў – ногі памуляў, здарожыўся. Пераабуцца не паспеў – знайшла куля. Паважаць мёртвых заўсёды трэба, жывыя дабрэйшымі будуць.

      – Так, баба, так, – толькі і знайшла што адказаць Ненене.

      А да могілак плылі і плылі. з няхітрым скарбам чаўны і лодкі. і нават плыты. Акурат на тую хвіліну перацягваўся з берага са сваёй сям'ёй аднаногі крамнік Лявон Цупрык. Пажыткаў у яго было вышэй галавы. І Ненене кінулася дапамагаць Цупрыку. Схапіла клунак і абышла ўжо крамніка, скіравалася туды, дзе былі ўсе, але Лявон махнуў кавенькай: далей трэба, да тых чужых, да курганоў белага пяску. Ненене хацела ўжо адмовіцца, ды апамяталася, пасаромелася