Уладзімір Караткевіч

Леаніды не вернуцца да Зямлі


Скачать книгу

і сам адчуваў, што па лбе плыве нешта цёплае, але пра гэта не было часу думаць.

      – Гані па дапамогу! – зароў ён.

      Хлапчыска зразумеў – хутка пакаціў кудысь. Вецер надзімаў на яго спіне ружовую кашулю.

      Божа, яшчэ толькі двое ляжаць за кюветам. Андрэй адчуваў, што ў яго падломваюцца ногі… Цяпер трэба ўзяць нешта лёгкае… Алёну. Каб хоць трошкі адпачыць. Але ён адразу злавіў сябе на думцы, што гэта не таму, што Алёна лёгкая. I ён да таго ж убачыў, што полымя дабіраецца ўжо да рук палкоўніка, што застыгнулі на абаранцы руля, да лысай галавы, якою той схіліўся на рукі.

      Адцягнуўшы Алёнку на якіх пяць крокаў,– каб не так было небяспечна ў выпадку выбуху, – Андрэй кінуўся да палкоўніка, таргануў дзверцу – яе заклінавала, – выбіў яе, літаральна асатанеўшы ад раптоўнага вострага болю ў плячы, пацягнуў чалавека на сябе.

      Палкоўніку спляскала рулём грудзі. Андрэй цягнуў яго, адціскаючы ўбок баранку, бачачы, што ўсяго ў якіх дзесяці сантыметрах ад вачэй бруднымі рагамі плыве ў кабіну пакарабачаная, расплаўленая фарба. Стогнучы ад напругі, адчуваючы, што валасы, бровы і веі трашчаць ад жару, ён цягнуў і цягнуў.

      I нарэшце выдраў чалавека з жалезных абдымкаў.

      Ён цягнуў яго з апошніх сіл і з жахам бачыў, што ў палкоўніка пачала выступаць на губах ружовая пена. Але ён не мог яму дапамагчы: не ведаў чым, дый Алёнка ляжала зусім блізка ад машыны, перад якое палаў, як паходня.

      Хістаючыся, як п’яны, Андрэй на карачках пералез кювет, з цяжкасцю выпрастаўся.

      Алёнка ляжала бледная і зусім нерухомая. Толькі грудзі – ці, можа, гэта здалося яму? – ледзь уздымаліся. I Андрэй з нечаканай лёгкасцю ўзняў на рукі яе лёгенькае, абвіслае ў руках і нагах цельца.

      Штохвілінна дзьмухаючы ёй у закрытыя вочы, – а можа, будзе лягчэй, – ён пайшоў да кювета, стараючыся не хістацца. Дзве-тры кроплі крыві ўпалі з яго галавы ёй на грудзі.

      «Дзякуй, Божа, – цьмяна падумаў ён, – гэта мая кроў. У яе нідзе не відаць крыві».

      Калі ён пералазіў кювет, ззаду грымнула. Нехта як быццам падштурхнуў Грынкевіча ў спіну, і ён упаў на Алёну, у апошні момант перакруціўшыся на спіну, як маці, калі яна падае ў галалёд з дзіцёнкам на руках.

      Прытомнасць з’яўлялася і зноў знікала – хвалямі, то крывавымі, то чорнымі. I ўсё ж Андрэй дацягнуў дзяўчыну і паклаў яе трохі наводдаль ад трох нерухомых. Пачакаўшы хвіліну, пакуль праяснела ў галаве, ён пачаў думаць, як дапамагчы ўсім.

      Іван Століч ляжаў з заплюшчанымі вачыма і ціха стагнаў. Дзіўна, ён жа сядзеў на месцы, якое шафёры завуць «смяротным». Шафёр і палкоўнік ляжалі нерухома, але Андрэй чамусьці не непакоіўся – надта ўжо спакойна яны ляжалі.

      Затое супакой Алёны здаўся яму падазроным. Амаль адразу. Ён апусціўся каля яе на калені.

      – Занадта спакойная… Нязручна павернутая галава… Кроў на грудзях – гэта мая кроў.

      Але ўсё ж ён увесь міжвольна халадзеў, пачынаючы аднекуль з пальцаў, ад страшнай здагадкі, якая ўсё больш авалодвала ім. А потым ён узяў галаву Алёнкі ў далоні, павярнуў і пабачыў на скроні, на левай скроні,