бы… І ўмэнт вылятаю з-за стала! Дзед трымае мяне за каўнер і цягне да выхаду. Жанчыны войкаюць, шэптам выбачаюцца за дзеда і нясуць за мной вопратку. На двары Марэк прапануе пабіцца (але ў мяне баліць нага ды вабшчэ), і праз хвіліну я ў кумпаніі праважатых-дзетак тэпаю празь сьнежнае поле пад ясным студзеньскім сонцам у бок Менскай шашы.
Сьвята атрымалася.
P.S.: Празь некалькі дзён мне са Жмудзі ў Менск затэлефанаваў прыяцель Міндаўгас:
– Ведаеш, вечарам першага студзеня па тэвэ паказвалі наведнікаў паліцэйскага пастарунку, зьнятых схаванай камэрай. Дык адным зь першых быў нейкі вар’ят-беларус, які хацеў пераначаваць у паліцэйскім пастарунку. Во сьмяяліся!
А то! У Вільні і не такіх прывідаў пабачыць можна.
Патаемнае жаданьне
I. Калядная Паштоўка
Бывае сон – усё роўна як фонавае мармытаньне тэлевізара, прачнуўся – выключыў і забыўся на той сон. А бывае, суткамі ня можаш вынырнуць з убачагана сну. Углядаесься ў навакольную рэчаіснасьць, нібы рыбка праз шыбіны акварыюма.
А яшчэ бывае: раптам спасярод дня прамільгне згадка пра нейкі з тваіх колішніх сноў, жахлівых ці салодкіх. Прамільгне і зьнікне. Ты сілісься ўзгадаць – і ня можаш. І яшчэ бываюць сны, на якія не забудзесься ніколі.
Мая гісторыя пачалася за тыдзень да Калядаў. Сякія-такія справы прывялі мяне ў адно мястэчка. Дакладней, у гарадзкі пасёлак. Там спазьніўся на вечаровы цягнік, а наступны меўся быць толькі раніцой. У роспачы я пайшоў бадзяцца па засьнежаных вуліцах. Была нетыповая для канца сьнежня ноч. Спакойная, крыху марозная, але галоўнае – ясная.
Я блукаў сярод крываватых драўляных дамкоў, сярод нягеглых двух-пяціпавярховікаў. Я мог пайсьці ў адзіную ў г.п. рэстарацыю, у адзіны гатэль альбо затуліцца на вакзале. Такім жа нягеглым, як дамкі і будынак ДК, дзе ў тамтэйшай рэстарацыі віравала пераднавагодняе жыцьцё пасялкоўцаў. Але я паволі йшоў па вулках, паліў і прыдумляў тэкст для новай песьні. Магчыма, вы ведаеце наш рок-гурт, які зьявіўся на сцэне ў самым канцы тысячагодзьдзя. Калі вы любіце цяжкую альтэрнатыву, дык чулі нас і бачылі на айчынным TV дакладна. Нашыя афішы рэгулярна зьяўляюцца ў многіх гарадах краіны і нават замежжа. І вось тым разам я прыяжджаў у г.п., каб дамовіцца зь мясцовымі лабухамі на невялікую суму арэнды апарату.
Калі йдзеш па пустэльнай засьнежанай вулцы, залітай месяцовым сьвятлом, рэдка думаеш пра жыцьцёвую мітусьню. Прынамсі я не думаю. Я ўшчэнт забыўся на нядаўні торг з лабухамі і пра патрэбу знайсьці грошы на запіс дэма-вэрсіі, я тварыў.
Неспадзеўкі адчуў, што ня цямлю, дзе апынуўся. Хоць г.п. не такі ўжо вялікі, каб губляць арыенціры. Да мяне таксама дайшло, што не заўважыў, як на месяц накаціла хмара і наўкола зрабілася цёмна. Ліхтароў на вуліцы няма, а ў дамах не сьвяцілася аніводнага вакенца. Як рана тут людзі кладуцца спаць! Я зірнуў на гадзіньнік: зрэшты, для г.п. ня так і рана – амаль поўнач.
Я стаяў у разгубленасьці, але раптам пачуў гук флейты. Прынамсі, цяпер мне падаецца, што я яго дакладна пачуў. Я пайшоў