Артур Клінаў

Шалом


Скачать книгу

і другі дзень новага жыцьця, у адрозьненьне ад першага, схіліўся б да хэпі-энду, калі б не падаў голас гэты чортавы вакзал. На жаль, кватэра Інгрыд месьцілася ў небясьпечнай да яго блізкасьці, усю непрыемнасьць якой Андрэ адчуў пасьля першай гадзіны ночы, калі да іх на агеньчык пачалі наведвацца ўсялякія асобы, што засумавалі ўначы й пасьпелі да гэтага часу знудзіцца і ад нуды вакзалу.

      Спачатку намаляваліся два панкі. Яны былі ўжо ладна абдзяўбаныя, але галоўнае, калі яны зьявіліся на кухні, там адразу стала шумна, цесна й няўтульна. Андрэ зразумеў, што вечар для яго скончыўся, і папрасіў паказаць месца, дзе можна прылегчы. Інгрыд адвяла яго ў вялікую залю, прынесла ватовую коўдру і сказала, што спаць ён можа тут, на канапе, а яны з Максам звычайна сьпяць у суседнім маленькім пакоі.

      З кухні зноў даносілася музыка ў выкананьні Макса й яго бязьлітаснага бэнду.

      – Ну што, едзеш са мной у Магілёў на сьвята піва? – Андрэ прыціснуў Інгрыд да сябе гэтак блізка, каб адчуць усе пірсынгі на яе целе.

      – Ты псых… – яна дакранулася маленькім пярсьцёнкам на ніжняй губе да яго вуснаў. – Трэба ісьці! Абудзі мяне раніцай…

      Як і варта было чакаць, спакойна паспаць у гэтай кватэры не далі. Празь нейкі час пасьля першых двух панкаў зьявіўся яшчэ хтосьці, потым яшчэ. Потым нехта сыходзіў, нехта прыходзіў. На кухні раўла музыка, грымеў рогат, зьвінелі бутэлькі. Потым Андрэ быццам забыўся ў неглыбокім крохкім сьне…

      Ён прачнуўся ад пачуцьця, што шалом спаўзае з галавы. Андрэ расплюшчыў вока й убачыў у цемры над сабой незнаёмага тыпа, які, працягнуўшы рукі, асьцярожна спрабаваў зьняць зь яго шалом. Сон умомант зьнік.

      – Ах ты, падла, казёл!!!

      Ён учапіўся ў твар невядомага і з усяе сілы адштурхнуў ад сябе. Той, зваліўшыся з канапы, ускочыў і кінуўся да дзьвярэй. Андрэ схапіў першае, што трапілася пад руку, і запусьціў у невядомага сваім чаравікам.

      Андрэ ўзьняўся і, уключыўшы сьвятло, пачаў нэрвова хадзіць па пакоі.

      – Ах ты, чортава багадзельня! Трахнутыя на галаву лузэры! Фак! Фак! Фак! – ён ніяк ня мог супакоіцца.

      З кухні па-ранейшаму чуліся галасы й грала музыка. Відаць, там гэтае здарэньне прайшло незаўважаным. Андрэ зазірнуў у маленькі пакой – у ім спакойна спала Інгрыд. Ён расштурхаў яе і, калі тая расплюшчыла сонныя вочы, запытаў:

      – У цябе ёсьць скотч?

      – Які яшчэ скотч, віскі?

      – Не, стужка такая клейкая!

      – Ідыёт! Ідзі спаць! – яна павярнулася тварам да сьцяны.

      Вярнуўшыся ў пакой, Андрэ пачаў рыцца па розных шуфлядах у пошуках скотчу. Нарэшце ён знайшоў маток клейкай стужкі і, прыгаворваючы як закляцьце: «Чортава багадзельня! Чортавы лузэры!» – пачаў намертва прыкручваць скотчам шалом да сваёй галавы. Скончыўшы гэтую працу, ён узяў нейкі шалік і для надзейнасьці павязаў яго зьверху.

      – Наце, курвы, выкусіце! Чорта з два цяпер вы яго здымеце!

      Андрэ выключыў сьвятло, забраўся назад на канапу і перакананы, што да раніцы можа спаць спакойна, заснуў.

      Прачнуўся