Артур Клінаў

Шалом


Скачать книгу

начавала ў горадзе, дзе спынілася ў кароткавалосай сяброўкі андрагіннага выгляду. Шанец спакусіць яе мог зьявіцца толькі на адкрыцьці выставы, калі госьці й мастакі ўжо дакладна нікуды ня будуць сьпяшацца, а, падагрэтыя дарамі фуршэту, пачнуць складаць часовыя, але цёплыя кааліцыі з пэрспэктывамі, што сыходзяць далёка ўглыб ночы…

      – Нох айн бір?

      Андрэ ачомаўся ад сваіх думак. На дубовым стале перад ім стаяў пусты піўны куфаль на тле белага фартуху, аздобленага па краёх тонкай чырвонай тасьмай. Па цэнтры красавалася кветка невядомага яму віду, падобная ці то да астры, ці то да гвазьдзіка з трохкутнымі пялёсткамі. Падняўшы вочы вышэй, Андрэ натыкнуўся на позірк кельнэркі. Яна ўжо бяз сполаху, але зь цікаўнасьцю і ўхмылкай у вачох глядзела на госьця.

      Але піва больш не хацелася. Крыху падумаўшы, ён замовіў падвойны «Егермайстар». Гэта была яго слабасьць, яго любоў – салодкія, моцныя, цягучыя напоі, настоеныя на кветках, падобных да тых, што вышытыя на фартухах нямецкіх фройляйн-кельнэрак.

      …Андрэ адвесіў тузін камплімэнтаў «клязэту», які збудаваў Генрых, і, сербануўшы па вялікім глытку віскі проста з рыльца, таварышы выправіліся на адкрыцьцё выставы. Народу да таго часу зьехалася нямала. Акрамя Андрэ й вялікай колькасьці немцаў у пленэры ўдзельнічалі яшчэ пара французаў, італьянец, швайцарац і чамусьці адзін фін.

      Зрэшты, слова «чамусьці» хутчэй тычылася Андрэ. Усе астатнія былі мастакі з Эўропы і тусавалі з пленэру на пленэр, з выставы на выставу, быццам гэта было нешта штодзённае, накшталт выправы ў булачную па сьвежы багет. Ён жа прадстаўляў маленькую, забытую Богам краіну, што прытулілася дзесьці пад плотам Эўропы. Усім, хто знаходзіўся з гэтага боку плоту, яна ўяўлялася нейкім страшным Мордарам з казак Толкіна, дзе ўладу захапілі оркі, якія зьдзекаваліся зь бедных хобітаў ды ўсяляк уціскалі іх грамадзянскія правы.

      Каб дапамагчы няшчасным хобітам, іх час ад часу запрашалі ў Эўропу на які-небудзь сэмінар – растлумачыць, як перамагчы оркаў на выбарах і ператварыць Мордар у дэмакратыю хобітаў, альбо на літаратурны фэстываль – паслухаць, як гучыць іхняя дзіўная архаічная мова, альбо, як цяпер, – на скульптурны пленэр, каб пераканацца, што яны ўвогуле яшчэ існуюць і нават здольныя вырабляць творы мастацтва.

      Што праўда, многія хобіты, не чакаючы нейкага адмысловага запрашэньня, самі рознымі шляхамі прабіраліся цераз шчыліны плоту й распаўзаліся па ўсёй неабсяжнай матухне-Эўропе, ствараючы маленькія, у прынцыпе бясшкодныя й нікому не заўважныя калёніі ў Бэрліне, Брусэлі, Амстэрдаме, Варшаве. У такую мікраскапічную бэрлінскую калёнію хобітаў Андрэ, уласна, і зьбіраўся наведацца на пару дзён адразу пасьля пленэру. Але спачатку ён мусіў закончыць адну важную справу – спакусіць Франку, якая, як яму здавалася, і сама была б ня супраць.

      Ён адразу знайшоў яе вачыма, калі ўжо цалкам «вясёлыя» яны ўваліліся ў павільён, дзе стаялі накрытыя фуршэтныя сталы. Госьці, а ў асноўным гэта былі мясцовыя аматары