чалавек – гэта яшчэ і пачуцці: любоў і нянавісць, памкненні і ўчынкі, мары і планы, рух – жыццё.
І калі чалавек абіраў для сябе ролю безасабовага трактара, ён аўтаматычна аддаваў свой лёс у чужыя рукі.
І толькі з тымі, хто адкрыў і захаваў у сабе цуд, зрабіць нічога нельга. Бо імі немагчыма кіраваць.
6. Логіка
– Севярын, а ты расеец ці беларус? – дурное пытанне як на розум трох-чатырохгадовага хлопчыка. Я нарадзіўся ў Беларусі, бацька мой беларус. І дзед такі самы. Я, праўда, тады не ведаў, што прадзед мог быць і ліцвінам, і палякам. Але, народжаныя да бальшавікоў, са сваімі дзецьмі на такія тэмы не размаўлялі. Ад граху далей.
Нязручныя пытанні задаваў пасля я. «Мама, а чаму мы жывем у Беларусі, а па-беларуску мала хто гаворыць?». Ну вось як у 1979 годзе патлумачыць малому пра сталінскія рэпрэсіі, у тым ліку супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, пра татальную хрушчоўскую русіфікацыю, пра будаванне камунізму, дзе будзе толькі адна – расейская – мова?
«Так атрымалася, сынок». Зрэшты, бацькі ад самага нараджэння чыталі мне кніжкі, напісаныя беларускай мовай: «Сымон-музыка», «Рабінзон Круза», «Маленькі прынц»…
Але ж мы ўсяляк адрозныя ад іншых. Па-першае, назва. Слова «Беларусь» я бачыў перыядычна. Вось універмаг, вось магнітафон, вось трактар. Цяпер цяжка ўявіць, але тады ўсе гаварылі «Белоруссия».
Зрэшты, і «Белоруссия» – адрознасць. Вось які ў нас арыгінальны сцяг – з арнаментам. З ім старэйшыя хлопцы ідуць на футбол.
А вось касцёл. Гэта таксама адметнасць. Штосьці з далёкіх часоў іншай цывілізацыі. А вось мы паехалі ў Заходнюю Беларусь, і я ўпершыню дазнаюся, што ёсць людзі, якія жылі не пры савецкай уладзе. Гэта шок. Я размаўляю з тымі, хто памятае тую іншую цывілізацыю, дзе не было піянераў, і дзе дзяцей не лаялі за слова «я» замест «мы».
А вось я ў свае сем гадоў еду ў Грузію. Сяло Натанэбі, за некалькі кіламетраў ад той самай фабрыкі, дзе вырабляецца «Чай № 2». Мне цяжка гуляць з мясцовымі дзецьмі: ніхто з іх не разумее па-расейску!
А вось зусім побач з Менскам – Вільня. Іншыя літары, іншыя словы. Міне яшчэ не адзін год, калі я дазнаюся пра ВКЛ.
А вось украінскія цукеркі з зразумелымі, але адрознымі словамі на абгортцы. А вось дзеці прыехалі з Польшчы ў наш піянерскі летнік. З сацыялістычнай краіны, але апранутыя прыгажэй.
Паўсюль савецкая ўлада, аднак ва ўсіх штосьці сваё, адметнае.
І ў нас нібыта сваё, але чамусьці не па-беларуску.
Дзіцячая логіка – самая жалезная. Я выстаўляю бацькам прэтэнзію: чаму я не гавару па-беларуску? А бацька мне падкідае «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Я зачаравана пачынаю сам вучыць новыя, часам незразумелыя, словы.
Лагічны ланцужок замыкаецца. Праз колькі гадоў я стану больш дарослым, завярбуюся на раскопы Святадухаўскай царквы ў Менску. Там мяне будзе афармляць на працу кіраўнік раскопаў: «Дзе вучышся, ці ёсць дазвол ад бацькоў, ці ёсць медычная даведка?».
У мяне язык не павернецца адказаць на пытанні па-расейску. Упершыню ў жыцці я ў публічнай