Анатоль Кудравец

Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік)


Скачать книгу

лагера зняліся на досвітку: дарога няблізкая, і прайсці яе трэба цёмначы. Пасля затаіцца ў лесе, пераждаць спёку, падрыхтавацца да рашучага рыўка. Рывок – шэсць кіламетраў. Падыйсці трэба звечара, каб наляцець на гарнізон у поўнач. Поўнач – лепшая пара для атакі: адны толькі заснулі, другім хочацца спаць.

      Ішлі дзвюма калонамі. Атрад Супруна ішоў праз Ліпніцу на Барок, каб адсячы Капланцы ад Бярэзані і, калі што, – перастрэць бярэзанскіх паліцэйскіх. Атрад Зайца – на Любушаны. Сталі ў лесе, у трох кіламетрах ад сяла.

      Лес – гладкаствольны сасоннік з рэдкай прымешкай бярозы, дзе-нідзе яліна. Яны любяць дружыць – сасна, елка, бяроза. Дзе не хапае ігліцы, там ліст дабавіць сваё – прыхавае, прыхарошыць.

      З дарогі не адразу і ўгледзіш, што ў бары разлёгся цэлы батальён – людзі, коні, дзве саракапяткі, двухколкі са снарадамі, два мінамёты. Усё гэта схавана за стваламі дрэў, за купінамі-пагоркамі, за свечкамі ядлоўцу, кустамі крушыны. Нічога незвычайнага не ўгледзеў і дзядзька, што ехаў на падводзе, спусціўшы ногі з перадка пад хвост каню. Таргануўся ўсім целам, збіраючыся ўстаць, нацягнуў лейцы, калі раптам з-за прыдарожных соснаў выйшлі двое з вінтоўкамі.

      – Тр-р-р! – прагаварыў каню глухім голасам, хоць гэта «тр-р-р!» было лішняе. Конь сам стаў. Дзядзька быў з Любушан, ехаў па жэрдзе. Калі зразумеў, што сустрэўся з партызанамі, павесялеў.

      – Падаждуць твае жэрдкі, дзядзька, пакуль мы тут растасуемся, – сказалі хлопцы, беручы каня за аброць.

      – Жэрдкі падаждуць, а як жонка? Яна можа ў паніку кінуцца. Паехаў мужык па жэрдзе і прапаў.

      – Да вечара яшчэ далёка, – дыпламатычна сказалі хлопцы, адводзячы каня ўбок, далей ад дарогі.

      І толькі цяпер, ад’ехаўшы метраў сто па імху і карэнні, дзядзька ўбачыў, што і пад адным, і пад другім, і пад трэцім дрэвам – не свежыя купіны нараслі, а прыхаваліся людзі, мужыкі, шмат мужыкоў. Хто сядзіць – перакусвае ці забаўляецца з вінтоўкай, зазіраючы ў ствол, хто ляжыць, схаваўшыся ў цень.

      Першае пра што спыталі ў дзядзькі, ці ёсць хто ў сяле.

      – Нікога няма, хлопчыкі. Можа, з тыдзень ужо, як ніхто носа не паказваў, – ні немцы, ні тыя, у чорнай форме, ні нашы, паліцэйскія.

      – Што значыць «нашы»?

      – Ну, а як іх? Усе ж свае, знаёмыя…

      Дзядзька сказаў тое, што далажыла і разведка. Значыць, можна было чакаць вечара.

      Дзядзька рассупоніў каня, падкінуў таму пад морду травы, на якой нядаўна сядзеў, прылёг і сам пад сасной, насунуўшы кепку на вочы. Чакаць, дык ужо з нейкай карысцю… Сяло было двароў на сто ці болей, разбудаванае ў адну лінію. Ляжала яно ў полі, што падступала з бакоў, паказваючы вачам шырокую раўніну зямлі, па далёкіх краях якой, нібы штрыховы пушок аблямоўкі, ішла тонка азначаная палоска. Толькі залезшы на вышыню, на вільчык хаты, а яшчэ лепей – на верх адной з ліп, што дзялілі сяло на дзве долі, можна было пераканацца, што «аблямоўка» гэта – не што іншае, як адсунуты пад небакрай лес. Мяжа яго, як зашпіленая папруга, нідзе не разрывалася.

      Яшчэ