быў вельмі кароткі перыяд, выпадковы і заканамерны, нялёгкі і шчаслівы – працяг майго «Апошняга шанцу». Квіткі даўно згубіліся, а яго адчуванне засталося.
Апошні шанец выйсці ў людзі
Так час ад часу здараецца – ты едзеш у Ленінград на провады сябра ў войска. Бывае яшчэ – былая твая ся броўка стала яго нявестай. Нічога дзіўнага, што праз яе вы і пазнаёміліся, і цяпер называеце адзін аднаго сябрамі.
Сітуацыя складаецца так (звычайна бліжэй да поўначы), што ў інтэрнаце на Васільеўскім востраве прызыўніку трэба пабыць сам-насам з яго каханай прыкладна да раніцы. Усё ж такі апошняя ноч, і дзяўчыне няёмка дзяліць яе на траіх. Ну, у сэнсе – сядзець за сталом да світанку і піць утраіх каву. Таму, як сапраўдны джэнтльмен, крыху хістаючыся, ты про ста выходзіш у раннекрасавіцкую ноч з думкамі: «Дзе наша не прападала…». І трываеш гадзіны дзве. Трэба ведаць, што такое надвор’е на беразе Фінскага заліва на пачатку вясны. Словы «страшэнны холад» ці «мацнейшы вецер» і блізка не перададуць незабыўныя ўражанні.
У аграмадным гатэлі побач з пірсам не гарыць ніводнае вакно. Гэта надае месцу выгляд мёртвай планеты. Ты проста «рубішся» на хаду, пакуль ідзеш на другі бок гатэля, туды, дзе пляскочуць хвалі. Прысесці ці прылегчы немагчыма, бо бетон настыў так, што, зрабіўшы спробу прыладкавацца дзе-небудзь, даводзіцца падскокваць, быццам абліўшыся кіпнем.
Ахоўнік на судне, з аўтаматам і ў кажуху да палубы, хавае ўсмешку і крычыць зверху з трапа: «Не-не, брат, у нас нельга пераначаваць…» Алкаголь ужо амаль выветрыўся, ты згорбіўся, брыдзеш да паркінга, уціскаючы галаву ў плечы – нібыта гэта сапраўды дапаможа сагрэцца. Ды бог з імі, хай глядзяць з вокнаў гатэля ў гадзіны тры-чатыры ночы, як ты хапаешся за ручкі і спрабуеш адкрыць якое-небудзь аўто. І што? А тое, што раптам задняя дзверца трэцяга па ліку аўтамабіля адчыняецца! І ты ўвальваешся ў салон і ўвогуле не клапоцішся ўжо ні пра што. Трэба толькі закрыць выратавальныя дзверцы, і ўсе твае беды застаюцца дзесьці далёка. Спаць… Не спаць!.. Толькі хвіліначку… Не, пятнаццаць…
Недзе ўверсе, над галавой, звіняць званочкі трамваяў, сігналяць машыны, шыпяць дзвярыма на прыпынках тралейбусы. Асцярожна прыўзняўшыся, ты разумееш, што цяпер прыкладна гадзінаў шэсць-сем, мяркуючы па ранішняй актыўнасці ленінградцаў. Трэба хуценька і незаўважна пакідаць месца выратавання. Дзякуй, машынка, дай бог табе добрага гаспадара! «Будьте добры, не скажете, который час?» Да ваенкамата яшчэ дзве гадзіны. Спаць хочацца неверагодна. Выйсце адно – сесці ў нейкі тралейбус. Піцерскія тралейбусы на той момант падаюцца чамусьці вельмі ўтульнымі. Праспаць у адным з іх да канцавога прыпынку і ў той жа спосаб вярнуцца да месца, дзе заходзіў, – ідэя не самая горшая.
Заняўшы адзіночнае месца ля вакна, ты спрабуеш заснуць. Спробы дзеляцца на кавалачкі – першы прыпынак, другі, трэці… Недзе на пятым ты ў паўзабыцці бачыш праз шкло, як у салон заходзіць Ірка Т., твая зямлячка па невялікім беларускім мястэчку.
Спрасоння