творы маладых беларускіх мастакоў: Наталлі Залознай, Ігара Цішына, Алеся Ксяндзова, Уладзіміра Кожуха, Сяргея Кірушчанкі, Тамары Сакаловай, Галіны Гаравой.
А ў Мінску з 11 жніўня па 11 верасня 1994 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь былі паказаныя працы шасці славацкіх творцаў: Ёзэфа Баўса, Ігара Бенцы, Карэла Фелікса, Мілана Лукача, Віта Байнянскага, Тэрэзіі Сладзекавай-Жылікавай.
Павал Сіка, дырэктар Дзяржаўнай галерэі г. Нітра і куратар выставы, невыпадкова даў ёй назву «Аспект», тым самым падкрэсліўшы, што гэтыя мастакі ні ў якім разе не прадстаўляюць усю палітру сучаснай славацкай культуры: кожны з аўтараў дэманструе свой аспект разумення мастацтва.
Віт Байнянскі і Мілан Лукач – скульптары вельмі розныя, я б нават сказаў, дыяметральна процілеглыя. Мілан Лукач больш традыцыйны, але і ў традыцыйным накірунку ён знаходзіць экспрэсіўныя формы адлюстравання тых ці іншых сюжэтаў («У ліфце», бронза, 1994; «Падзенне з ліфта», бронза, 1994; «Падзенне ІІ», волава, 1991 г.). Віт Байнянскі дэманструе глыбокае разуменне матэрыялу. Традыцыйную бронзу творца спалучае з разнастайнымі прыроднымі камянямі, а яны не заўсёды рупліва апрацоўваюцца: мастак нібыта запрашае ў сааўтары саму Прыроду, і яна на роўных дапамагае яму данесці тую ці іншую думку да гледача («Птушка», 1994; «Магічны аб’ект», 1993).
Жывапісцы Ёзэф Баўс і Тэрэзія СладзекаваЖылікава ідуць рознымі шляхамі да разумення сутнасці чалавека. Ё. Баўс звычайна імкнецца праз канфлікт мужчыны і жанчыны спасцігнуць як існасць, так і гармонію («Паклон ІІІ», «Паклон V», 1992 г.; «Закаханыя», 1993 г.).
Для Т. Сладзекавай-Жылікавай зямной прасторы недастаткова. Яе пошукі пралягаюць у касмічнай. У гэтай недасягальнасці яна шукае вырашэнне канфлікту планетарнага маштабу (“У прасторы”, “Смутак ад жыцця”).
Скульптура і жывапіс у параўнанні з графікай з’яўляюцца ў нейкай ступені больш кансерватыўнымі, у першую чаргу – матэрыяламі і тэхнікай, у якіх выконваюцца творы. Графіка, на мой погляд, у гэтым сэнсе на некалькі крокаў ідзе паперадзе. Выстава “Аспект”, дарэчы, гэтую думку пацвярджае. Мастакі-графікі Ігар Бенца і Карэл Фелікс прадэманстравалі шырокі дыяпазон тэхнічных магчымасцей графікі і неабмежаваную свабоду мыслення. За сціплымі словамі “камбінаваная тэхніка” прыхаваны шматстайныя тэхнічныя прыёмы: таніраванне, прадрапванне паперы, пырсканне і г. д. І гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб паказаць як бясконцасць самога Сусвету, так і бясконцасць варыяцый яго адлюстравання.
За дзве гадзіны да адкрыцця выставы “Аспект” была праведзена прэс-канферэнцыя для журналістаў, мастацтвазнаўцаў ды ўсіх зацікаўленых. Ва ўступным слове Павал Сіка сказаў, што веды пра сучаснае славацкае мастацтва маюць дзве асноўныя крыніцы. Першай можна лічыць суаднесенасць асобных мастацкіх ініцыятыў у Славакіі, другой – магчымасць уключацца ў падобныя замежныя выставы. Куратар грунтоўна адказаў на ўсе пытанні. На маё пытанне: “Як ставяцца вашы суайчыннікі да мастацтва, якое прадстаўлена на выставе “Аспект”? – быў адказ: “Неадназначна”.