Аляксей Палачанскі

Мой цвік (зборнік)


Скачать книгу

мусіць, збіраліся.

      – …а тады думалі: можа, бліжэй куды… у горад хоць…

      Жонка маўчала, і праз нейкі час ён насмеліўся:

      – Дык што, а паехалі кудысь, як мы тады хацелі! Хоць адпачнём трохі, не ўсё табе тут маяцца.

      – Да што ты, стары, завёўся сёння? Куды я табе паеду, калі ж тут во, гаспадарка, усё. Курэй пусціш, свінням дасі, там на гародзе корпаешся – Ванда прыйдзе язык пачасаць, карову падаіць, вось табе і ноч. А есці гатаваць хто будзе? Куды нам ужо ехаць, ідзі лепш вячэраць, пакуль не таго.

      Яна падхапіла вядро і пабегла, пабегла. А Раман застаўся гэтак жа сядзець на ганку. Яму раптам стрэльнула: як ён быў малады і як усё думаў, хацеў. І як думаў, што можа ўсё змяніць, калі толькі сабрацца як след. І вось мінула сорак год, а ён ні разу так і не ўзгадаў пра гэта. “І гэта ж усё я быў, – працягваў Раман – Не хтосьці іншы”. Ён адкінуў цыгарэту ўбок, але адразу пацягнуўся за ёй і запаліў. Падумаў пра заўтрашні дзень і моцна пазяхнуў. “Трэба будзе трактар у Івана… дроў выпісаць з кубаметр… дый парэчкі пачынаюцца… і скасіць ля плота”, – вярталіся думкі да звыклага парадку, а потым Раман моцна, з прысвістам, зацягнуўся і неяк здзіўлена плюнуў:

      – Але ж хлопцы гэтыя… халера іх!

      Уначы Раман падняўся на вядро, а пасля ўсё ж вырашыў выглянуць на двор. Выйшаўшы за дзверы, ён сцепануўся і смачна ўдыхнуў летняе паветра. Месяц вісеў над дахам, як кавалак гарэзнага сыру. Было трохі смешна бачыць яго вось так, на небе, побач з комінам – дакладна як на малюнку, толькі Раман не ведаў на якім. “Пайду трохі выйду на вуліцу, толькі гляну, як там”, – Раман адхінуў старую брамку і выйшаў на дарогу. Вуліца была апусцелай, а клёны клалі на яе свае цені. Раман пастаяў, паглядзеў у адзін бок, у другі, потым пакрочыў уздоўж плота. Ён адчуваў амаль юнацкае хваляванне і ўсярэдзіне нешта трымцела. “Дзе-та зараз Раман?” – падумаў ён пра сябра, пра тое, што той, напэўна, спіць ужо даўно, і ад гэтай думкі яму трохі паспакайнела. Ён не хацеў бы зараз сустрэць яго. Няхай, можа, у іх і ёсць нейкія агульныя заняткі, і выпіць разам таксама бывае добра, але ў цэлым яны былі розныя, і Раман Малады не хацеў, каб сябар ведаў пра гэта.

      Раптам Раман заўважыў, што ён стаіць побач з трынаццатым домам. Гэта быў той самы дом старасты, пра які ўзгадвалі ранкам. Акно на верандзе было ўжо заменена, і стараста са старасціхай ціха спачывалі ў сваіх ложках. Тут жа стаяў і той самы злапомны знак з лічбай “40”, які пабываў у хаце. Яго ўкапалі нанова, падраўнялі і не было бачна ніякіх слядоў хуліганства. Раман ізноў глянуў на месяц і пайшоў далей, але ўвесь час азіраўся, бы злодзей, каб не пабачыць каго яшчэ, асабліва свайго сябра.

      На скрыжаванні рос стары клён, а пад ім стаяў уторкнуты знак з перагорнутым трохкутным шчытом. Знак быў не на металічным забетанаваным слупе, а на звычайным драўляным, проста ўкапаным, таму варта было яго толькі як след разгойдаць і можна было выцягнуць. Раман абапёрся на яго і нечакана для самога сябе моцна пхнуў. Хіснуў туды, сюды. Ён паваліў знак на зямлю, схапіў аберуч і адцягнуў пад дрэва, а сам схаваўся ў цені. Яшчэ раз азірнуўшыся і, нікога не ўбачыўшы,