– Вы не крыўдуйце, прафесар, калі што кольвек з маіх расповедаў не да душы прыйшлося…
– Ды не… Чаго ж?
– Рознае, самі знаеце, і цяпер, і раней рабілася… – і праз напружаную паўзу: – Я Вам на развітанне адну прытчу прыпавесць хачу нагадаць – пра вялікі стол, састаўлены з меншых. Удзельнікі застолля праз некалькі чарак перасталі чуць, а потым – і слухаць адзінага зазывалу. Дык вось: у кожнага стала павінен быць свой тамада. Чаго, відаць, урэшце прычакаюць і наша, і ваша дзяржавы… – Янкавіч колка ўважліва зірнуў на госця – і зноў узняў келіх: – За тое і прапаную тост здравіцу!..
II
1493–1547 гады
З падзеннем Канстанцінопаля нібыта зямля перавярнулася пад нагамі афонскіх манахаў. Яны нястомна малілі Госпада ўразуміць іх і выявіць святыя знакі. Але – ці не бачылі, ці не заўважалі, ці іх – не было.
І манахі – хто не звязаў свой лёс з янітамі – падаваліся ў скіты. Афонскія манастыры амаль пуставалі. Балела ад таго ў Максіма Грэка душа, і ён дзякаваў Богу за тое, што мае магчымасць аддаваць свае сілы на пашырэнне Ягонага слова. Манах за некалькі гадоў працы ў Кіеўскай лаўры перапісаў сем кніг і з многімі дапамог у перакладзе. Ён ужо звыкся са сваім новым месцам, зжыўся з ім, як некалі – з Падуяй і Фларэнцыяй, дзе вучыўся, і толькі ў мяккіх снах, забываючыся над кніжнымі радкамі і старонкамі, зрэдку вяртаўся на радзіму – вось як у гэтым, з высокай сакавітай травой, вінаграднікам за спіной, дарогай… доўгай дарогай… якая выбегла з вады ў лес… стары пагудасты лес з вялікімі невядомымі яму дрэвамі… белымі, халоднымі… і дарога белая, ажно забалелі вочы…
– Эвлагітэ! – нечакана пачулася над спіной, і ён абудзіўся.
Яшчэ неўразумела – між сном і явай – усхапіўся над залітым воскам прыстолкам, перахрысціўся і адказаў:
– О Кірыёс… Гасподзь дабраславіць…
І збянтэжыўся, убачыўшы перад сабой брата яніта, земляка па Афоне, свайго аднаіменца – Максіма Спартанца, у чорным хітоне, з накінутай на плечы авечай скурай.
– Вось я і адшукаў цябе. Збірайся…
Інак, які прывёў госця ў келлю, пакланіўся і выйшаў.
А яны доўга не маглі нагаварыцца. Пачутае аніяк не супакойвала кніжніка Максіма – свет і сапраўды пераварочваўся: у Рыме пануе нямецкае войска, Свяшчэнная Імперыя спрачаецца з Францыяй за свецкую ўладу… І аскепкі дынастыі Палеалогаў, пасля таго, як Венецыянскі сенат нагадаў маскоўскаму ўладару аб ягоных правах на спадкаемства візантыйскага тытулу, вырашылі падацца на ўсход. Між тым князь маскоўскі Іван ІІІ нібыта прымаў імператарскага пасла і пагадзіўся на саюз з Максіміліянам супраць ісламу, але развязаў вайну з ляшскімі хрысціянамі… А цяпер рыхтуецца да жаніцьбы з пляменніцай Канстанціна Зояй Палеалог і пагадзіўся прыняць герб Візантыйскай імперыі – двухгаловага арла. І вось ён – брат Максім – з’явіўся сюды ў суправаджэнні брата нябожчыка базілеўса Фамы Палеалога і будучай імператрыцы Зоі, а ў пасажным абозе – з паўсотні старадаўніх манускрыптаў.
– …А яшчэ