дарогі – марскі шлях быў перакрыты – патухлі. – Горад гарадоў Візанцій памёр… «І зацьміліся сонца і паветра ад дыму… І з дыму выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада…»
Ганец не дагаварыў – галава хітнулася, і ён цяжка зваліўся на каменную падлогу. Пакуль паслушнік і манах брамнік вярталі яго ў прытомнасць, ігумен, мружачы павекі, прачытаў пасланне патрыярха Афанасія, які тры гады таму ўзышоў на святы сталец.
«Брат мой любы ў Хрысце, дабраслаўны Ніле! Хай вечна будзе з табою Божая мілата!.. У гэтыя страшныя дні, калі руйнуюцца святыя сцены Канстанцінопаля, калі іншаверцы захопліваюць нашыя храмы і забіраюць хрысціянскія жываты, пішу табе гэтыя апошнія свае радкі… Будзем маліць Збаўцу ўмацаваць веру нашую… Бо ў Бога не застанецца бяссільным аніякае слова…
Любы браце, рабі тое, на што дабраславіў цябе святой памяці патрыярх Іосіф! Можна знішчыць храм на зямлі, але слова Божае ў целе нашым застанецца! Нагадваю наказ апостала Пётры: „…быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбіце чыстае малако слова, каб ад яго ўзраслі вы дзеля выратавання“… Вераю Хрыстовай выратуемся!
Амаль усю ліберыю вывезлі мы да аблогі горада ды захавалі там, дзе ўмоўліваліся з табой. Візантыйская Сафія рушыцца, але застаюцца яшчэ тры ейныя сястры, узведзеныя ў гонар і ў славу Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе. Хай Нябесная Апякунка дапаможа табе й братам янітам здзейсніць задуманае і перадаць ім Слова Ягонае…
А я малю Божага заступніцтва на паству нашую ды застаюся з ёй і базілеўсам…».
Агоўтаўся ганец і пачаў прагна есці прынесены хлеб. Запіваў квасам і вінавата хаваў галодныя вочы. А затым загаварыў:
– Туркі абклалі горад напачатку вясны. Войска султана Мехмеда ў сто разоў перавышала імператарскае. Султан запатрабаваў здаць горад – і наўзамен паабяцаў усім жыццё. Імператар адказаў ягоным пасыльным: «Аддаць табе Горад немагчыма ні мне, ні каму іншаму. Духам адзіным усе памром па волі сваёй і не пашкадуем жывата свайго»… Першы наступ мы адбілі, але турэцкі флот увайшоў у Залаты Рог. Быў страшэнны абстрэл з бамбардаў… І другую хвалю вытрымаў Канстанцінопаль, але вораг прабіў сцяну перад брамай Святога Рамана. Ноччу пачалася апошняя атака, бясконцая, у некалькі накатаў. Фанатыкаў ятрылі дэрвішы. Мехмед кінуў у бой янычараў… Яны захапілі Ксілапорту – падземны ход замка. І – як здані Апакаліпсіса – накінуліся на нас ззаду… Калі раніцай у сталіцу ўвайшоў султан і аддаў загад перарабіць Сабор Сафіі ў мячэць, каля ейных сценаў яшчэ дабівалі раненых і палонных…
Ігумен і манахі перахрысціліся.
– Як завуць цябе і хто бацькі твае? – спытаў ігумен.
– Максім. Бацькі з пад Спарты…
– Што ж, Гасподзь выпрабоўвае веру нашую… – як аб нечым іншым уголас падумаў ігумен і ўздыхнуў: – Ідзі адпачывай з цяжкай дарогі. А мы з братамі памолімся. Ідзі…
Праз паўмесяца да Афона даплыў карабель пад сцягам двухгаловага арла Палеалогаў. Некалькі вояў генуэзцаў, абаронцаў Канстанцінопаля, дабраліся