Людміла Рублеўская

Авантуры студыёзуса Вырвіча


Скачать книгу

свае баталіі і двубоі, якія вымагаюць смеласці не меншай, чым вайсковая справа.

      Мядзяны салавейка зноў зашаргацеў, зашчоўкаў на цыферблаце гадзінніка, але на яго звярнулі ўвагу не болей, чым на заляцелую муху. З васковай Пандоры бесцырымонна і нягжэчна сцягнулі блакітную ў ружовыя кветачкі сукенку, і абражаная прыгажуня дарэмна пагрозна паглядала шклянымі шэра-прамяністымі вачыма некуды ў прастору, з якой прыходзяць прывідныя мсціўцы за гонар васковых дам.

      Прафесарскі слуга Хвелька, кірпаносы дабрэнны таўстун, некалькі разоў стукаўся ў дзверы, пачціва прасіў паведаміць, калі пан прафесар з’явіцца дадому, бо пані Саламея Лёднік хвалюецца… Але быў адпраўлены назад вельмі непачціва – аж вусны ў небаракі ад крыўды задрыжэлі… Хвэлька дастаўся прафесару паўмёртвым ад жаўтухі – гаспадар, вядомы піток, прыехаў у Вільню на соймік, ну і загуляў, слуга таксама набраўся, як гразі, пячонка не вытрымала… Лёднік выпадкова заўважыў яго ў куце піравальнай залы, скручаным у крук. Хвелькінаму пану было не да клопатаў з хворым, і ён прапанаваў доктару, калі таму так ужо цікавы лёс нягеглага пажаўцелага халопа, выкупіць яго за дзесяць талераў. Лёднік холадна сказаў, што яго самога ў свой час прадалі за шэлег, але Хвэльку за названую цану выкупіў, выхадзіў, і стаў для выратаванага боствам зямным, пагрозным, усемагутным і літасцівым. З адзінай заганай – забараняе беднаму слузе нават у піва вусны мачаць…

      Багаты пацыент некалькі разоў пасылаў лёкая… Плішчыліся ў кабінет праштрафленыя студыёзусы… Прыходзілі ад прафесара Францішка Папроцкага, які ўжо колькі гадоў выпускаў у Вільні “Палітычныя каляндарыкі”, для якіх Лёднік пісаў артыкулы па медыцыне. Але ўсе атрымлівалі з-за зачыненых дзвярэй даволі рэзкія прапановы з’явіцца ў другі дзень, і, напалоханыя падазроным лязгатам у кабінеце, лічылі за лепшае сысці.

      Тым больш было чым заняць сябе: слаўнае места Вільня пачынала шматдзённае гараванне па памерлым вялікім гетмане Міхале Казіміры Рыбаньку, цела якога павінны былі перавозіць у Нясвіж. Хаўтуры ды іншыя жалобныя цырымоніі па асобе такога рангу займалі люд паспаліты не менш, чым вайсковыя дзеянні… Ды і пабоішчы маглі надарыцца. У Вільню мусіў прыехаць сын і спадчыннік Міхала Казіміра, Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. Належала вырашыць лёс вызваленай пасля смерці Міхала Казіміра пасады ваяводы віленскага… І Караль цвёрда разлічваў яе ўспадчынніць. А гэтага далёка не ўсе жадалі, бо многія ўважалі князя за вар’ята, і распавядалі, як нават бацька-нябожчык нярэдка загадваў падымаць масты перад сваім замкам, каб не пусціць п’янога ў мякіну сыночка з ягонай “албанскай бандай”, прапануючы працверазець дзецюкам за ночку на марозе. Аднойчы загадаў з гарматы ў паветра пульнуць, каб адагнаць шаленцаў. Які з такога разбэшчанага ўладар? На суседзяў наезды робіць, у канторах вокны выбівае… А на пасаду віленскага ваяводы ўжо прэтэндуе самавіты пан Міхал Багінскі, прадстаўнік Фаміліі – магутнага аб’яднання магнатаў на чале з Чартарыйскімі. І калі збярэцца сойм… Ужо зараз пад вокнамі гудуць-шумяць хвалі пыхі людской,