Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру
Канешне, шмат што залежыць ад рэдактара. Але ж не ўсё! З таго, што ёсць у партфелі, бывае вельмі цяжка выбраць нешта, каб захаваць гэты баланс.
– Калі б рэдактары давалі ў кожны нумар толькі моцныя творы, яны рызыкавалі б страціць партфель праз некалькі месяцаў ці, узняўшы планку для часопіса, узнялі б яе і для пісьменнікаў?
– Я не думаю, што такі адчайны крок дапаможа ўзняць узровень літаратуры. Хутчэй наадварот: калі адзін слабы твор пададзены на фоне трох моцных, аўтар яго атрымае магчымасць пабачыць, чым ён адрозніваецца ад астатніх. Вось гэта, мажліва, і паўплывае, хоць усё тут залежыць ад самаўсведамлення аўтара, яго крытычнага ўспрыняцця сябе і, наогул, ад яго здольнасці рэфлексаваць над уласным творам і жадання чытаць творы іншых, бо, як мы ведаем, часам аўтар ва ўсім часопісе чытае толькі «сваё роднае». Але мушу зазначыць, што да «нясціпласці» пісьменнікаў я не стаўлюся адмоўна. Пісьменнік сёння вымушаны сам сябе прэзентаваць, сам сябе рэкламаваць і сам прадаваць свае кнігі… Калі ў гэтых умовах ён яшчэ і сціплым будзе, то мы ніколі не даведаемся, як гэтага пісьменніка завуць. Хіба толькі калі раптам патрапіцца нейкі добры чараўнік у якасці галоўнага рэдактара часопіса, які будзе яго друкаваць і прасіць прынесці што-небудзь яшчэ. Пра сціплага прасцей забыцца, чым пра нахабнага. У працяг думкі пра моцныя і слабыя творы дадам, што якраз у параўнанні нараджаецца якасць. Бо не ведаючы, што пішуць твае калегі тут, у Беларусі, а таксама за мяжой, і як на пэўныя творы рэагуе крытыка, у тым ліку і сусветная, нельга рабіць высновы і даваць ацэнкі.
– Пад апошні глыток кавы – апошняе пытанне: чаго вы жадаеце «Маладосці»?
– Я жадаю часопісу «Маладосць», які б выгляд ён ні прыдбаў у будучым, электронны ці папяровы, каб яго штомесяц чакалі з нецярпеннем.
Алесь Бадак. Пра адчуванні – часу і часопіса
– Чамусьці ў дачыненні да «Маладосці», калі гаворка заходзіць пра час, калі я пачаў у гэтым часопісе друкавацца, успамінаецца самае сумнае…
Пісьменнік Алесь Бадак, калі быў школьнікам, любіў вырэзваць з газет і часопісаў вершы (якія ў той час друкаваліся шмат дзе, а не толькі ў літаратурных выданнях) і ствараць своеасаблівыя «Дні паэзіі» – не ад рукі, а ўклейваючы асобныя творы ў агульныя сшыткі.
– Там у мяне было шмат вершаў Яўгеніі Янішчыц. І калі я першы раз яе ўбачыў, ды яшчэ пачуў адабрэнне сваёй творчасці, уражанне было такое, быццам атрымаў нейкае ганаровае званне. Але памятаецца чамусьці і яе 40-гадовы юбілей.
Яны сустрэліся ў цэнтры Мінска, недалёка ад ГУМа. Яна ішла з вялікім-вялікім букетам кветак, ён павіншаваў яе з днём нараджэння, яна ўсміхалася, а неўзабаве ён пачуў, што яна загінула.
– Цяпер для мяне існуе адразу некалькі часопісаў «Маладосць»…
– Ёсць меркаванне, што калі раней літаратурныя часопісы чыталіся многімі, і тымі нават, хто не меў да літаратуры «пісьменніцкага» дачынення, то цяпер іх чытаюць вельмі нямногія