ўскочыў і пайшоў прэч.
Выйшаўшы на плошчу, я спыніўся і стаў глядзець уздоўж вуліцы. Дзеля ўласнага задавальнення! Хіба гэта адказ? Трэба было сказаць як мага жаласлівей: я сяджу, бо стаміўся. Дурань ты дурань, ніколі не навучышся некага ўдаваць з сябе. Бо я стаміўся! І дыхаць трэба было цяжка, як дыхае загнаны конь.
Падышоўшы да пажарнай варты, я зноў спыніўся, бо ў галаву мне прыйшла новая фантазія. Я пстрыкнуў пальцамі, на здзіўленне прахожым гучна зарагатаў і сказаў:
– Не, табе, відаць што, трэба схадзіць да пастара Левісана. Конча. Спроба не караецца. Губляць няма чаго. Ды і пагода стаіць.
Я зайшоў у кнігарню Пашы, даведаўся з адраснай кнігі, дзе жыве пастар Левісан, і пайшоў да яго.
– Ну, цяпер трэба ўзяць сябе ў рукі, – сказаў я. – Досыць тых жартаў! Сумленне, кажаш? Глупства, ты занадта бедны, каб насіцца са сваім сумленнем. Ты галодны, ты ідзеш па важнай справе, прасіць самае неабходнае. Ты павінен схіліць галаву да пляча і казаць пранікнёным голасам. Не хочаш? У такім выпадку я табе больш не таварыш, так і ведай. Вось што: ты пашкуматаны трывогаю, змагаешся па начах з сіламі цемры і з велізарнымі, нямымі пачварамі, ты гінеш ад голаду, прагнеш віна і малака, але ж не маеш нічога. Справы твае дрэнныя. Вось ты стаіш, і нічагуткі няма ў цябе за душою. Але ты, дзякуй Богу, верыш у міласэрнасць, ты ўсё ж такі не страціў веры! І каб верыць у міласэрнасць, ты павінен скласці рукі і верыць у Боскую ласку не горш за самога сатану. А мамону ты ненавідзіш у кожнай іпастасі, іншая рэч – атрымаць малітоўнік і дзве кроны на памяць…
Я спыніўся каля пастаравых дзвярэй і прачытаў абвестку: «Прыём ад 12-й да 4-й».
– А цяпер без глупстваў! – сказаў я. – Вазьмі сябе ў рукі! Такім чынам, схілі галаву да пляча, крыху яшчэ…
Я пазваніў.
– Ці можна мне бачыць пастара? – сказаў я пакаёўцы, але не мог дадаць – «у імя Госпада Бога нашага».
– Ён выйшаў, – адказала яна.
Выйшаў! Сышоў! Планы мае ў адно імгненне праваліліся, усе загадзя падрыхтаваныя словы аказаліся непатрэбнымі. Што была мне за карысць ісці гэтак далёка? Я не мог скрануцца з месца.
– У вас важная справа? – спыталася пакаёўка.
– Ды не! – адказаў я. – Зусім драбяза! Проста сёння такая пагода, таму я вырашыў прагуляцца і засведчыць сваю пашану спадару пастару.
Я не рухаўся, яна таксама. Я знарок выпнуў грудзі, каб звярнуць яе ўвагу на шпільку, якой была закладзеная мая куртка, я маліў яе позіркам зразумець, навошта я прыйшоў, але небарака нічога не зразумела.
– І праўда, пагода стаіць з ласкі Божае.
– А шаноўнай спадарыні таксама няма дома?
– Спадарыня дома, але ў яе рэўматызм: яна ляжыць на канапе і не можа падняцца…
Можа, я хацеў бы пакінуць цыдулку?
– Ах, не! Проста я часам выходжу прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. А сёння такі цудоўны дзень.
І я пацягнуўся назад. Што было карысці балбатаць? Да таго ж у мяне пачало круціцца ў галаве – гэта быў не жарт, я мог упасці. Прыём ад 12-й да 4-й, я спазніўся на цэлую гадзіну, час