вашай волі, варта вам толькі напомніць яму аб тым, што пазбавіла яго свабоды».
13. Пікнік у прэрыі
Першыя ружовыя промні ўзыходзячага сонца азарылі флаг форта Індж; больш слабы водбліск упаў на пляц-парад перад афіцэрскімі кватэрамі.
Ён асвяціў невялікі фургон, запрэжаны парай мексіканскіх мулаў. Мяркуючы па таму, з якой нецярплівасцю мулы білі капытамі, круцілі хвастамі і паводзілі вушамі, можна было заключыць, што яны даўно ўжо стаяць на месцы і чакаюць не дачакаюцца, калі наступіць час рушыць у дарогу. Паводзіны мулаў папярэджвалі зявакаў, каб яны не падыходзілі блізка і не трапляліся ім пад капыты.
Уласна кажучы, зявакаў і не было, калі не лічыць чалавека вялізнага росту ў лямцавым капелюшы. Нягледзячы на слабае асвятленне, у чалавеку няцяжка было пазнаць старога паляўнічага Зеба Стумпа.
Ён не стаяў, а сядзеў на сваёй старой кабыле, якая выяўляла куды менш жадання рушыць у дарогу, чым мексіканскія мулы ці яе гаспадар.
Але навокал кіпела ліхаманкавая мітусня. Людзі хутка сноўдалі ўзад і ўперад – ад фургона да дзвярэй дома і затым назад да фургона.
Іх было чалавек дзесяць; яны адрозніваліся адзін ад аднаго адзеннем і колерам скуры. У большасці гэта былі салдаты нестраявой службы. Двое з іх, напэўна, былі кухарамі, а яшчэ двух-трох можна было прыняць за афіцэрскіх дзеншчыкоў.
Сярод іх важна хадзіў франтаваты негр; яго самаўпэўнены выгляд можна было вытлумачыць толькі тым, што ён з'яўляўся лакеем маёра – каменданта форта. Камандаваў гэтай стракатай кучкай людзей сяржант, у якога адпаведна яго чыну былі тры нашыўкі на рукаве; яму было даручана нагрузіць фургон усялякага роду напіткамі і правізіяй – карацей кажучы, усім неабходным для пікніка.
Пікнік ладзіўся раскошны, аб чым можна было меркаваць па колькасці і разнастайнасці прыпасаў, загружаных у фургон: там стаялі кашы і кошыкі ўсіх відаў і памераў і прадаўгаватая скрыня з дванаццаццю бутэлькамі шампанскага; а бляшанкі, пафарбаваныя ў ярка-карычневы колер, і непазбежныя скрынкі сардзін гаварылі аб ласунках, прывезеных у Тэхас здалёк.
Нягледзячы на мноства він і ўсялякіх далікатэсаў, адзін з тых, хто завіхаўся тут, застаўся незадаволеным. Гэтым расчараваным гурманам быў Зеб Стумп.
– Паслухай, – звярнуўся ён да сяржанта, – у гэтым фургоне чагосьці не хапае. Мне здаецца, што ў прэрыі знойдзецца нехта, каму не да смаку ўсялякія замежныя штучкі, накшталт гэтага шампэня, і хто аддае перавагу больш простаму пойлу.
– Пойла замест шампанскага? Вы пра коней гаворыце, містэр Стумп?
– К чорту тваіх коней! Я кажу не пра конскае пойла, а пра манангахільскае віскі.
– А, цяпер усё зразумела! Ваша праўда, містэр Стумп… Пра віскі не варта забываць, Пампей. Здаецца, там прызапашана бутля для пікніка.
– Так точна, сяржант! – пачуўся голас чарнаскурага слугі, які набліжаўся з вялікай бутляй. – Вось гэта самая віскі.
Палічыўшы, што цяпер зборы закончаны, стары паляўнічы стаў праяўляць нецярплівасць.
– Ну,