Фларыян Чарнышэвіч

Надбярэзінцы


Скачать книгу

прыязджаў Нахім, бабруйскі старызнік, і прывёз мне ліст. Распячатаў я – а там яшчэ адзін, табе адрасаваны, а мне – цыдулка, каб табе як найхутчэй і ў самай строгай таямніцы перадаў.

      – Ад Косціка?!

      – Мне здаецца, так, – адказаў стары, са значэннем усміхаючыся. – Бяры вось, – дастаў ён з-за пазухі канверт, моцна заклеены мукою.

      Казік нецярпліва разарваў яго і пачаў чытаць.

      Мілы мой братка Казік!

      У мяне вельмі радасная навіна: у Бабруйску з’явілася польскае войска. Каманды аддаюць па-польску і белыя арлы на шапках. Аказваецца, газеты не манілі, калі пісалі пра польскія легіёны. Яны кажуць, што Польшча з вайны мусіць выйсці Польшчай, што б там ні здарылася. Братка! Калі б ты пабачыў гэтае ладнае войска, як яны прыгожа ідуць і спяваюць па-польску, ты б не вытрымаў! Хлопцы здаровыя, смелыя, вучоныя і абыходлівыя. Пераважна з Кароны, але шмат хто і з літоўскіх і беларускіх губерняў, нават з нашых надбярэзінскіх ваколіц ужо некалькі ёсць, бо ўсіх бяруць, калі ёсць поўных 18 гадоў і не калека. Калі б столькі нашых акопы не капала, было б іх тут нашмат болей. Стаська Шалабод, ваш сваяк, з акопаў ля Даманава ўцёк і ўступіў. Я, можна сказаць, таксама ўжо легіянер, толькі не ў Бабруйску буду, бо тут мяне паліцыя можа высачыць і забраць праз таго унцера.

      Дзякуючы табе, братка, мяне гэтае шчасце напаткала, бо калі б ты не сказаў мне тады ўцякаць, гніў бы я цяпер у цюрме, як людарэз які. Дзякую табе за гэта і прашу: глядзі там Карусю. Калі раптам знойдзецца яшчэ які хітры салдат ці той унцер ажыве і зноў да яе палезе, калі ласка, адашлі яе дадому, як тады збіраўся, а я, як вярнуся, табе за гэта аддзячу. Толькі Богам прашу, не кажы нікому, што на маю просьбу гэта робіш, і нават што ліст ад мяне атрымаў. Там у вас такія хлопцы ёсць, што гатовыя мяне ў лыжцы вады патапіць, і калі даведаюцца, дзе я, хутка паліцыі данясуць. Можаш сказаць, што ліст во гэты пра легіёны – ад Стаські Шалабода, ён жа крэўнік ваш. Толькі Стаху Балашэвічу ад мяне пакланіся і ўсё раскажы, але загадай нічога нікому не гаварыць, і яшчэ татку майму, бо апроч цябе і твайго дзеда, я адно ім двум і давяраю. Будзь здаровы.

      Твой вечны сябрук і служка,

Косцік.

      – Ну што? Дзе ён? Што піша? – нецярпліва спытаў стары Здановіч, які па дрыжанні ўнукавых рук і паяснелым твары зразумеў, што навіны незвычайныя.

      – У легіёны ўступіў. У Бабруйску з’явілася польскае войска.

      – Войска? Польскае?! – уразіўся стары. – Што ты вярзеш?

      Казік прачытаў яму ўвесь ліст уголас, апусціўшы толькі просьбу наконт Карусі.

      Вочы старога напоўніліся слязьмі, вусны задрыжалі і скрывіліся, як у расстроенага дзіцяці.

      – Па-польску спяваюць, – шаптаў ён. – Польшча Польшчай будзе… Не можа гэтага быць! Мабыць, выйдзе так, як з тым маніфестам. Не, не веру. Божа мой, – падняў ён вочы да неба, – дай мне яшчэ пажыць.

      – Ведаеце што, дзядуля, – уставіў Казік, – я таксама ў легіёны пайду.

      – Ты – у легіёны?! – ускрыкнуў дзед. – Хочаш мяне, старога, кінуць і маці сваю?!

      У яго голасе былі чуваць ашаломленасць і трывога, але з вачэй біла бязмежная радасць.

      –