ні з чым не параўнаная, абнімала яго.
Чалавек дарма чакаў цэлы дзень: немцы ездзілі толькі вялікім гуртам, i ніводнага цярплівы снайпер за дзень не застрэліў. Ён пайшоў моўчкі, i так жа моўчкі Коля пайшоў з ім. Гэта было яшчэ першымі месяцамі вайны. Ужо i другі год вайны пачаўся, i ўсё так жа надзея i спадзяванне ратавалі Колеву душу. Ён ужо многа выхадзіў мясцовасцей i прывык ужо да таго, каб бачыць часта, як канчаецца прастрэлены немец. I ўсё ж не ўнімалася скруха ў душы: нішто ядавітае i самая горшая атрута з атрут не маглі б выпаліць з сэрца i памяці таго моманту, калі вецер трапаў распушчаныя матчыны валасы. Самая малая душа можа змясціць у сабе найвялікшую ў свеце радасць. Ён прагнуў усё больш шчасця. Ён упіваўся радасцю кідаць гранаты пад нямецкія машыны; цэліцца ж у матацыклістаў i страляць у іх ён не мог многа: вінтоўка была яму яшчэ зацяжкая. Ён лёгка пралазіў пад калючыя загарадзі, мог падгрэбціся пад сцяну пуні i так улезці ў яе або вылезці з яе. Ён мог прыкінуцца глухім пастушком, галодным сіратой-жабраком, цікаўным малым дурнем, вясёлым рагатуном, шукальнікам усяго, што толькі льга згубіць i страціць. Ён мог дапасці да нямецкага штаба, да вартавога салдата на мосце, да вайсковай нямецкай стаянкі, палічыць танкі i колькі салдат, папрасіць у немца закурыць, каб у таго не было падазронасці. Ён мог абсачыць за суткі шырокі круг мясцовасці, узяць на памяць кожны след на роснай траве, пераначаваць у нямецкай кватэры, вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад i выслухаць пахвальбу i падзяку ад камандзіра. Так месяц за месяцам, усё больш i больш яго ясная надзея злілася з плынню дзён, заўсёды занятых, поўных дзейнасці, што стала яму ратункам. Ён жыў поўным жыццём. Маршчына над левым вокам хоць i аставалася на сваім месцы, але ўжо так стала, што пакінула надаваць усяму твару свой выраз. Яе забіла i перавысіла штосьці іншае, што ішло з душы i свяцілася на твары. I як жа гэта так прыйшлося, што ён нават i падумаць не можа, хто развярнуў мурашнік i калупаўся нешта пад арабінай у полі? Паняверка тачыла яго. Ён быў сам не свой. Цэлы той дзень яго не бачылі ў атрадзе. Змрокам дня ён вярнуўся i сказаў, што ўначы зноў пойдзе, бо яму здаецца, што напаў на тое, што трэба. Цераз ноч, калі сонца ўжо высока стаяла, ён вярнуўся i сказаў, што ў той трухлявай хаце, што стаiць крайняя ад ельніку i ўжо многа часу пуставала, нехта жыве.
– Ты бачыў? – запыталі ў яго. – Адкуль ты ведаеш? Ты быў у гэтай хаце?
– Не быў, але нехта жыве.
– Дым з коміна ішоў? Агонь у вокнах свяціўся? нічога ж гэтага не было.
– А чаму ж ручнік там на плоце вымыты сохне?! I белы певень больш не спіць на седале перад акенцам сенечным? I чырвонаю анучкаю дзірка ў шыбе заткнута? I лом валяецца ў брамцы? Нехта з лесу цягаў апал у хату.
– Дык высачы, хто гэта. Паглядзі, які ён. Адкуль ён з'явіўся i чаго ён тут. А калі ён гаспадар хаты, дык дзе ён дагэтуль быў, што хата пуставала.
Так яму сказаў камандзір, i ён гатоў быў у той жа момант кінуцца на пошукі таго, хто так смела з'явіўся тут. Але якраз у гэты момант i з'явілася ў яго нечаканая думка; яна кранула ўсё глыбокае i патаемнае, што жыло ў яго пачуццях i адкуль білася на паверхню такое вялікае шчасце, як надзея. Раптам ён стаў думаць, што гэта можа сам бацька яго аднекуль з'явіўся i хаваецца ў гэтай пустой хаце. Хоць тут можа i недарэчы слова