Кузьма Чорны

Лявон Бушмар


Скачать книгу

а на змярканні шукала па двары яго вачыма. Нiдзе нікога не было, яна вярнулася ў хату i пагаварыла з хвораю:

      – Лявона няма нідзе поблізу, можа, куды адышоўся, а тут мне позна будзе iсці адной, яго чакаўшы. Я ўсё ўправіла, дык я так пайду. Чуць дзень буду зноў.

      – Добра, – адазвалася старая.

      Жанчына рушыла з хаты. Мінула сялібны лясок, перайшла па кладцы рэчку; адышлася ўжо трохi ад сялібы. I там убачыла Бушмара. Ён стаяў над загіністым берагам каламутнай рэчачкі i кудысьці глядзеў.

      Яна на момант прыпынілася, трохi жахнулася ад нечаканасці. Ён пачуў яе крокі i азірнуўся. Бровы яго былі ссунуты – гэта яна добра заўважыла.

      – Аміля? – неспадзеўкі сказаў ён першы раз за гэты дзень яе імя, таксама ўздрыгануўшыся ад раптоўнага яе з'яўлення.

      – Я iду дадому на сёння, даўно не была, заўтра на світанні прыйду. Тут усё ў парадку.

      – Iдзі, – адказаў ён адразу.

      Яна заспяшалася. Ён доўга яшчэ стаяў, аж пакуль змрок не агарнуў усяго. Тады паволі пайшоў назад. Так ён сярод цішыні спаткаў першы вечар у роднай сялібе.

      « Ёй не хочацца быць тут са мною, – думаў Бушмар уночы, – пайшла, уцякла. Баiцца».

      Ён усміхнуўся жорстка i ціха, як бы дамогшыся таго, чаго доўга дамагаўся.

      – Гэта вы самі, мамуня, падгаварылі яе застацца да нас? – падышоў ён, устаючы на світанні, да старой.

      – Каго? – не зразумела адразу маці.

      – Амілю?

      Стогнучы i вохкаючы, маці гаварыла:

      – Яна толькі як дачулася, што наняць нам каго трэба, дык сама прыйшла прасіцца. Дзе ж яна тут ноймецца іначай, няма тут лішне дзе i да каго, а так ёй жыць – хто яго ведае як i з чаго. У хаце – галота.

      – Шпарка ж яна аўдавела, – панура сказаў Бушмар.

      III

      За колькі год перад гэтым на тым самым месцы, дзе стаяў на змроку Бушмар, калі напаткала там яго Аміля, адбылося адно не зусім звычайнае здарэнне, польскія салдаты стаялі тады густа па ўсіх суседніх вёсках. Бушмар жыў у сваім звычайным жывым спакоi. Раз у два тыдні выязджаў у пастарунак на стойку з фурманкаю, а больш, як i заўсёды, мала дзе яго хто бачыў. Вечарамі ж ён падыходзіў праз свой лес да вёскі. Там ужо чакала яго Аміля. Часта яна выходзіла яму на спатканне, тады ён вёў яе да лесу. Там садзіліся блізка адно пры адным на паваленай яліне. Лес ціха гуў, страсаючы з сябе сухія iголкі i снег. Снег быў i пад нагамі ў іх – абледзянелы, гладкі i ўлежаны. Яна мерзла на халодным дрэве, ён браў яе на свае калені, яна згіналася ў яго руках, рабілася маленькаю перад ім, бездапаможнаю. Часта ён дзеля жартаў пераносіў яе праз усю паляну да дарогі, адкуль яна бегла дадому, а ён стаяў пад ельнікаваю сцяною i пільнаваў яе ўзрокам сваім. Замарожаная цішыня скоўвала поле, а гул лесу быў спакайнейшым за ўсялякую цішыню. Яна знікала з вачэй яго недзе ў цёмным міргаценні сцен i стрэх, а ён усё стаяў. Высокая постаць яго цямнелася наводшыбе за колькі крокаў ад лесу. Ён пасля паволі падаваўся ў свой бок, ніколі не познячыся ў сваю мярлогу. Дзень назаўтра праходзіў ні доўга ні коратка – ішоў, як ішоў у рабоце, а вечарам Бушмар зноў ішоў праз лес.

      У той памятны для некаторых вечар Аміля