можа, яны і мукі дадуць?
– На двары халат сохне на дрывах. Ён ужо сухі, мусіць. Я ім акрыю вас.
Праз момант яна прыйшла з халатам і сказала:
– У нас нехта стаіць за дрывамі.
– Табе здалося. Хто там можа стаяць.
– Гляну з хатняга акна… Стаіць, унь пры сцяне. Ой, а другі стаіць у Іванавым двары пры шуле.
– Ну, няхай стаіць, мала хто дзе стаіць.
– А чаго ў нас за дрывамі?
– Позна ўжо?
– Праз гадзіну, можа, світаць пачне.
– Кладзіся спаць хутчэй.
– 3 Іванавага двара ідзе пад нашу хату.
– He пазнаць хто?
– На дварэ цёмна… Яшчэ два падышлі… У наш двор ідуць.
У гэты час ціха пастукалі ў дзверы.
– Адкрой, хазяін, – было сказана рускай мовай, але нават і дрэнны знаўца беларускай і рускай мовы заўважыў бы, што не прывык той чалавек гаварыць па-руску.
– Хто там?
– Краснаармейцы. Паспаць дзе-небудзь да сонца, можа, салома дзе ў вас ёсць?
– Саломы крыха ёсць. От я зараз адчыню, агонь толькі запалю.
– Ды ладна там, агонь! Нашто той агонь? Мы і заходзіць у хату не будзем. Вядзі адразу ў салому, хазяін.
Чалавек выйшаў на ганак і ўбачыў трох. Яму здалося падазроным, што яны не зусім у вайсковым адзенні. Толькі адзін быў у шынялі.
– Я вас завяду ў гумно.
I ён пайшоў паперадзе. Скрыпнулі дзверы, ён пераступіў падваротню і адразу ж з глухім стогнам асеў каленьмі на зямлю.
– От табе і развёрстка і дэзерціры. Ідзі цяпер навядзі, хто развёрсткі даваць не хоча.
Свядомасць ужо канчалася, і ён не мог выразна чуць гэтай фразы. He для яго ўжо яна прагучала. Яму здалося, што горла пачало цягнуцца ў рот. Ён душыўся. У вачах пайшлі чырвоныя кругі, пасля яснасць стала ні то сіняй, ні то зусім белай. Але гэта ўжо ўсё было па той бок свядомасці. Так усё і скончылася.
Зося пачула з хаты, што вярнуўся ў сенцы бацька.
– Паклалі іх у пуні? – падала яна з пасцелі голас.
Ёй не адказалі.
– Ну, дзе ж той халат? – сказаў хлапчук – Тата, акрывай хутчэй.
Малы пачуў, што тата падступіў бліжэй, але ў прасвеце адчыненых дзвярэй ён бачыў, што гэта не зусім татава постаць. У той жа момант гэтая постаць падступіла бліжэй і неўзабаве адышлася. Зося з хаты чула, як упала ў сенцах з калоды вядро з вадой. Нічога яшчэ нядобрага не адчуваючы, яна ўсхапілася з пасцелі і запаліла лямпу. У сенцах усё нехта мацаў паўз сцены. Яна пхнула дзверы, трымаючы ў руках лямпу, і аслупянела: хтосьці незнаёмы чыркаў запалкамі, а яны, мусіць, адсырэлыя, не запальваліся. Стаяў ён спіной да хатніх дзвярэй і абмацваў сцяну. Малы брат ляжаў скрываўлены ўпоперак пасцелі. Яна крыкнула і кінула ў сенцы лямпу. Кінулася назад у хату і з размаху высадзіла з трухлявых шуфлядаў гнілую аконную раму. За ёю ўбеглі ў хату. Яна выскачыла на вуліцу і пабегла. Крыкнула, ужо адбегшыся далёка. За ёю як быццам ніхто не гнаўся. Яна падбегла да акна і застукала. Яна крычала, што малога брата забілі і што бацька з пуні не прыйшоў.
Пакуль яна паабуджвала людзей, вуліца раптам асвяцілася дымным агнём.