Міхалку, ці гэта ён хадзіў уночы па двары, але дапытацца не мог: Міхалка не прызнаваўся, Міхалка пачаў баяцца і Скуратовіча і яго хутара. Ён адпрасіўся ў старога Скуратовіча на дзень дадому. Скуратовіч доўга не пускаў, але ўсё ж не мог даць рады Міхалкавай упартасці.
Гэтая дзіцячая душа была змучана і разарвана на часткі ўсім тым, што навісла над ёю. Тут бы трэба было мець і больш год, і цвярдзейшую натуру, і здаровую руку, у кожным разе на Скуратовічаву, якая накіравала б гэту душу куды трэба. Натура тады б ішла напралом.
На схіле сонца з паўдня ён быў дома. Можна сказаць, што толькі цяпер ён як мае быць адчуў, што такое чалавечае – не жыццё, а існаванне. Гэта тым больш страсянула яго, што перад ім быў яго бацька. У гэтыя часы невыразныя, несфармуляваныя адчуванні гэтага дзіцяці можна было б сфармуляваць так: «Круціцца бязлітасная і халодная штука. Яна бяздушная. I ўсё, што трапляе пад яе, яна душыць і крышыць. Пад гэтую машыну трапіў бацька».
– Тата, – сказаў Міхалка, падыходзячы да бацькі.
– Міхалка, ты прыйшоў… – бацька не мог далей гаварыць.
Ён ляжаў на лаве пры сцяне пад акном, і позірк яго блудзіў па забруджанай мухамі шыбе. Сонца білася праз шыбу ў хату. Твар у чалавека быў пасінелы, вочы глядзелі не на свет, а як бы ў сярэдзіну самога чалавека. Ён задыхаўся. Двое меншых за Міхалку дзяцей лавілі па хаце матыля.
– Як яны будуць, малыя, – выгаварыў праз зубы бацька, і твар яго пачарнеў – Ты, Міхалка, ужо зарабляеш хлеб, – глядзі іх, падрастай, цеш матку, не папускай у крыўду іх… Зарабляй на іх… Шкадуйце адзін аднаго…
Міхалкава душа быццам ірвалася на часткі жалезнымі крукамі. Ён злавіў меншым матыля і выправіў іх з хаты, а сам астаўся гаварыць з бацькам. Праз два дні ён мучыўся на свежай бацькавай магіле, а яшчэ праз дзень Скуратовіч прывёз малым сіротам крыху мукі і яшчэ штосьці ў другім, меншым мяшку.
Міхалка брадзіў за Скуратовічавымі каровамі па пакошы і пожні і ныў. Увечары яго сум павялічвала цішыня з прыхутарскога лесу і яснасць зор на высокім небе.
IV
Выдалася такая шчаслівая часіна! Ён першы раз у сваім дзіцячым жыцці адчуў, што значыць у моманты вялікіх трывог і ўтрапенняў быць не аднаму, а з другам!
Скуратовіча ў той дзень дома не было: апошнімі днямі ён нават часам і не начаваў дома. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Яму пра гэта не думалася. Ён быў адзеты і накормлены, можа, якога з паўгода, і сям’я яго магла быць не галодная. Так што гэты клопат адпаў. Астаўся смутак па бацьку і вельмі выразныя карціны ранейшых бацькавых сустрэч з Скуратовічам. У такіх выпадках яны заўсёды хітрылі адзін перад адным, і Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. 3 такой прыніжанасцю бацька і памёр.
Раніца была туманная. Сонца ўзыходзіла ціха, туман разыходзіўся паволі. Жоўты лісток упаў уначы з клёна і ляжаў на вытаптанай траве. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў.
Ён стаяў каля кляноў і глядзеў на кляновы лісток – блізка восень! I туман стаіць доўга!
Ён ляснуў пугай і выгнаў каровы.