рысах Лігеі няма класічнае правільнасці, хаця я заўважаў, што яе хараство насамрэч было «вытанчаным», і адчуваў ягоную «незвычайнасць», усё ж марнымі былі ўсе спробы знайсці няправільнасць, якая выклікала ўва мне пачуццё гэтай незвычайнасці. Я ўглядаўся ў абрысы высокага бледнага ілба – ён быў бездакорны. Бездакорны – якое халоднае слова ў дачыненні да такое боскае велічы! З яго белізной было не зраўнацца і найчысцейшай слановай костцы, на ім панавалі спакой і гармонія… Гэтыя лёгкія выступы на скронях і чорныя, бы крумкачовае крыло, бліскучыя, раскошныя і ад прыроды кучаравыя пасмы, што адразу выклікалі ў памяці гамэраўскі эпітэт «гіяцынтавыя»! Я разглядаў далікатныя лініі носа – нідзе больш я не бачыў гэткай жа дасканаласці, апрача вытанчаных габрэйскіх медальёнаў. Такая ж раскошная роўнасць, такая ж ледзь бачная гарбінка, такія ж плаўна выразаныя ноздры гаварылі пра вольны дух. Я глядзеў на чароўныя вусны. У іх быў сапраўдны трыюмф нябеснасці: найпрывабнейшы выгін кароткай верхняй губы, мяккая, пачуццёвая нерухомасць ніжняй, вясёлыя ямачкі, насычаны колер; зубы, якія з амаль немагчымым ззяннем адлюстроўвалі кожны прамень дабраславёнага святла, што падала на іх, калі яна ўсміхалася – ясна, спакойна і ўсё ж так асляпляльна! Я вывучаў форму яе падбароддзя – і там знаходзіў мяккую шырыню і веліч, пяшчоту і адухоўленасць грэкаў – абрысы, якія Апалон толькі ў сне паказаў Клеамену*, сыну афінца. І тады я ўглядаўся ў вялізныя вочы Лігеі.
Ідэалу вачэй антычнасць нам не пакінула. Можа, менавіта ў вачох маёй каханай і хаваўся той сакрэт, пра які казаў лорд Веруламскі. Яны былі, я ўпэўнены, нашмат большыя за звычайныя чалавечыя вочы. Яны былі дасканалейшыя нават за газеліныя вочы племені з даліны Нурджахаду*. Аднак вельмі рэдка – толькі ў часы глыбокага хвалявання – гэтая асаблівасць Лігеі рабілася злёгку заўважнай. І ў такія моманты яе прыгажосць – ці так падавалася майму палкаму ўяўленню? – была прыгажосцю істотаў, што жывуць над зямлёй ці па-за зямлёй, – прыгажосцю казачных мусульманскіх гурыяў. Вочы яе мелі самае бліскучага адценне чорнага, і іх аблямоўвалі смаляныя вейкі неверагоднай даўжыні. Бровы, крыху няправільна выгнутыя, мелі той самы колер. «Дзіўнасць», якую я заўважаў у яе вачах, не была абумоўленая, аднак, ні памерам іх, ні колерам, ні бляскам – яна была ў выразе. О гэтае няўцямнае слова! За яго неасяжнай пустэчай мы хаваем сваё поўнае няведанне духоўнага. Выраз вачэй Лігеі! Колькі доўгіх гадзінаў я думаў пра яго! Марна спрабаваў я спасцігнуць яго глыбіні адну цэлую летнюю ноч. Што хавалася ў зрэнках маёй каханай – глыбейшае за калодзеж Дэмакрыта*? Што? Я быў апанаваны жаданнем знайсці адказ. Гэтыя вочы! Вялікія, бліскучыя, боскія вочы! Яны сталі маімі двайнымі зорамі Леды*, а я – найадданейшым з астролагаў.
Сярод усіх неспасцігальных анамалій, якія вывучае навука пра розум, няма больш узрушальнай за пачуццё – на яго, пэўна, і не зважаюць навукоўцы, – якое ўзнікае, калі мы спрабуем згадаць нешта даўно забытае і, здаецца, ужо набліжаемся да адказу – але