Павел Севярынец

Беларусалім. Кніга першая. Золак


Скачать книгу

І, разумееш, той самы момант, калі нам раптам робіцца ясна, што мы толькі слухачы, калі нас сагравае ўдзячнасьць, што мы апынуліся менавіта тут і цяпер, калі мы адкрываем рот, каб падпяяць ціхенька, альбо зводзім далоні для воплескаў – дык вось, у гэты момант насамрэч ня мы пляскаем Богу, а на нябёсах грымяць хоры і ладзяць авацыю, і крычаць адно аднаму: і гэтае сэрца з намі!..

      Асабліва трымцела сэрца ад гармоніі вячэрні – калі адымаеш цёплае цела кларнету ад балючых вуснаў, і першы ўдар звону са званьніцы на другім беразе Пляцу Волі – безь пяці шэсьць! – зьбівае табе дыханьне й перакоўвае дзень у вечар, і раптам усплывае зь Нямігі, адбіваецца ад сьценаў, рассыпаецца і напаўняе чашу плошчы хмельным, як прычасьце, залацістым сьвятам родны Петрапалыч.

      Апошнім часам ён усё часьцей чуў шоргат і сіпеньне. Штосьці вусьцішнае. Глухое падземнае рэха, глыбокае вуркатаньне, трубу першага анёла, водгалас рыку, ад якога сьвет імгненна старэў і рабіўся попельна-серабрыстым. У пранозным скрогаце шахты ліфта ў Веранікі на Слабадской; у вентыляцыях ваннай і прыбіральні, дзе перадсьмяротна выдыхае вецер, пакуль ты сьцінаеш уласнае ненавіснае цела; у самотным і дзікім п’яным крыку ў двары апоўначы; або, наймацней, ува ўчорашнім пачварным рыгу над бліскучай, вогненнай чашай з крывёю і хлебам… І нямее душа, і жахаецца, што таемны падземны ход вядзе зь ягонага вуха проста ў ашчэраную пашчу пекла.

      Госпадзе, што ж гэта за Новы год… Канец сьвета. Заўчора выперлі з Кансерваторыі – за сістэматычную непасьпяховасьць ды ўдзел у анархісцкіх акцыях. Ты разьдзяўбай з кучаравымі льнянымі валасамі, унікальным музычным слыхам, небясьпечны для грамадства, і цяпер маеш даведку. Канчаткова рухнула персьпектыва дудзець у срэбную дудку ўсё жыцьцё, пакуль не дасі дуба. Учора палез на ліхтар на Плошчы евангелізаваць п’яное быдла, за што дабрэнна адгроб, уратавалі мянты. Заблытаўся са сваімі дзевачкамі. У выніку – гіганцкая пустка ўнутры.

      Ісіхія. Хочаш пачуць Бога – маўчы.

      Ты ўжо шмат чуў у сваім жыцьці, Ян Ясны, але такое – першы раз. Трэба вызначацца, хто ты, адкуль ты і ці гатовы ты хоць кудысьці ісьці.

      Раптам рыпнулі цяжэнныя дзьверы Сабора. Шаўкавіста скалыхнулася ад ветру пурпуровая тканіна ў алтары за царскай брамаю. А рэха рыпеньня – пранізьлівае, сьвідруючае – пракацілася па ўсёй прасторы, рухнула проста ў вушы і закіпела ў памяці… Нібы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора…

      Што гэта? Горн? Можа быць, сігнальны горн… Далёкі роў акіяну з самага мысу Горн?

      Пабудка, будзіць беларусаў? Гэта і ёсьць адказ?

      Што, мае рацыю Леў, гэты шалёнага выгляду, глыбока дышучы незнаёмы пажылы анёл?.. Госпадзе, адкажы… Адкажы тут і цяпер, куды нясе мяне гэты Сабор, мой любы стары вальнадумец, мой Петрапалыч…

      Залаты карабель плыве па Нямізе, рэнесансавы – збудаваны тады, калі ліцьвіны бралі Маскву і елі адзін аднаго ў Крамлі, абложаныя апалчэньнем… Храм Статкевічаў, Агінскіх, Трызнаў і Рагозаў, ненавісна праваслаўны для месьцічаў-вуніятаў…