Франц Сіўко

Эдэм (зборнік)


Скачать книгу

Крайне вараць, нагадвае. З чаго яно?

      Туфіля паціснула плячыма.

      – Не ведаю. Бытта з дзерава нейкага дзеўкі назбіралі.

      – З дзерава? З якога дзерава?

      – Ды з таго, што ў кустах расцець…

      – Я паглядзець хачу. Пакажыце мне.

      – Антолька пакажаць, яна з дзеўкамі хадзіла.

      – Дзе яна?

      – У капцільні, Зосі каўбасы памагаець перавешваць.

      – Паклічу пайду. – Пелагея торкнула лыжку ў чыгун, пайшла алейкаю да пакояў.

      Бронак зноў перагарадзіў ёй дарогу, але яна адпіхнула яго.

      – Адчапіся, – сказала абыякавым голасам і, звяртаючыся да Туфілі, дадала зводдалеку: – Глядзі варэнне, пераверне хто няўрокам чыгун – заробіце ад Марыі Іпатаўны.

      Дрэўца было невысокае, але галінастае. Хоць і было ўжо шаравата, вёрткая Антолька лёгка расшукала яго сярод хмызу.

      Пелагея прыклала далонь да камля – руку апякло холадам.

      Якраз гэтак халадзіла, прыгадала, і крайнаўскае.

      Сярод лісця на самым версе яшчэ дзе-нідзе чырванелі ягады.

      Антолька порстка падскочыла ўгору, абжаргала камель лыткамі. Затым узабралася вышэй на вецце, скінула колькі ягадзін уніз. Яны былі салодкія і крыху прытарныя.

      – Яно адно тут, ці яшчэ ёсць?

      – Адно-адненькае. – Антолька аправіла сукенку.

      – Ну, дзякуй табе, што паказала. Прыйдзі ўвечары, мапу падару.

      – Тую, зялёную?

      – Тую. Хочаш?

      – Хачу. – Антолька хвіліну памаўчала. – І яшчэ ў школу хачу, Палагея Юр’еўна.

      – Не Палагея, а Пелагея. Добра, паглядзім.

      Хмыз упобачкі расхінуўся, і з яго выйшаў з крывым усмехам на вуснах Бронак.

      – Хадзем. – Пелагея схапіла Антольку за руку, хутка пайшла прэч.

      Млын і сядзіба ўжо засталіся далёка ззаду, а яны ўсё крочылі па алеі, не зважаючы на аблокі, што насоўваліся на сядзібу з захаду і поўдня, размаўлялі пра школьныя справы. Гаварыла больш Пелагея, Людвік жа ўважліва слухаў: мова субяседніцы не заўсёды была яму зразумелая. Лазоўскія, хоць паходзілі з дробнае шляхты, дома размаўлялі па-польску. Ды і ва ўніверсітэце, дзе пераважную большасць студэнтаў складалі шляхціцы, таксама панавала пальшчызна. І ўсё ж такі малады паніч Пелагеі падабаўся. Праставаты і занадта адкрыты – душа наросхрыст – Бронак у параўнанні з ім нагадваў ёй селяніна.

      Пачало імжэць.

      – Хадземце сюды. – Людвік павабіў Пелагею да сябе, разгарнуў парасон.

      – Не было б грому, – прыстройваючыся побач, сказала яна.

      – Вы баяцеся грому?

      – Трохі.

      – Тады пойдзем назад.

      Яна хацела сказаць, што вяртацца да маёнтка не жадае, але пасаромелася.

      Паўвярсты да пакояў праляцелі, як адна хвіліна. Дождж перастаў, абое бачылі гэта, але выходзіць з-пад парасона не спяшаліся.

      – Вы, чула, у Вільню едзеце, – сказала Пелагея.

      – Еду. Прывезці вам што-небудзь для школы?

      – Мапа патрэбная. Мая, што з Крайны прывезла, зусім абтрапалася.

      – Добра,