бы, каб нішто не адцягвала яго ўвагі ад любімага занятка. Антоніа гняла неабходнасць адкласці кнігу, як гэта бывае, калі на некаторы час даводзіцца расстацца з родным дзіцём. Таму нават есці і мыцца ён прызвычаіўся з кнігай у руках.
Жыві ён хоць дзвесце гадоў, распарадак Антоніа зусім не змяніўся б. Мабыць, справа была не ў часе – кнігі ён не чытаў, але літаральна праглынаў – чым больш ён аддаваў ім часу, тым больш яны яго паглыналі. Ён быў падобны да азартнага гульца, які ўвесь час прайграе і бярэ ў пазыку. Кнігі сталі яго заганнай жарсцю, а час – грашыма. Як гэта бывае ў падобных выпадках, то цяжка было разабраць, ці з’яўляліся аб’ектам гэтай прагі самі кнігі ці ўсё ж веды, якія яны змяшчалі.
Хутчэй за ўсё – апошняе, інакш складана патлумачыць далейшыя падзеі, якія прывялі да стварэння таямнічай кнігі.
Аднойчы позна ноччу ў дзверы яго сакральнага сховішчы пагрукалі. Антоніа быў гэтак паглынуты чарговым рукапісам, што покліч з вонкавага свету, магчыма, так і застаўся без адказу, калі б зусім выпадкова яго ўвага не была адцягнутая на долі секунд. Пераканаўшыся, што яму не здалося, ён спусціўся ўніз ды адчыніў дзверы. На парозе стаяў хлопчык гадоў трынаццаці, яго звалі Сімоне. Антоніа Мальябекі мінула ўжо шэсцьдзясят шэсць. Бойкі хлопчык, не чакаючы, выпаліў даўно падрыхтаваны тэкст пра тое, хто ён і чаго хоча. Сімоне прасіў Антоніа прыняць яго ў вучні. Старога бібліятэкара беспардонна заспелі знянацку, але, нягледзячы на гэта, ён паспрабаваў добразычліва растлумачыць усю немагчымасць задавальнення падобнай просьбы: юны ўзрост першага ды старэчы другога, скрайняя занятасць, адсутнасць навыку настаўніка ды многае іншае. Акрамя гэтага, Антоніа, які і без таго не жадаў марнаваць час на такія дробязі як сон і ўжыванне ежы, баяўся абцяжарваць сябе яшчэ чым-небудзь, што магло адцягнуць яго ад важнага і любімага занятку. Але Сімоне быў непахісны і ўсё ж такі здолеў пераканаць бібліятэкара ахвяраваць яму хаця б па гадзіне на месяц.
Так Сімоне пачаў наведваць дом Антоніа Мальябекі кожную другую суботу месяца.
Як і ён, хлопчык паходзіў з небагатай сям’і, і яму ўжо з дзяцінства давялося працаваць пасыльным. Таму іх сустрэчы праходзілі не раней за дзесяць гадзін вечара. Сімоне быў не такім здольным, як Антоніа ў яго гады, але браў хутчэй упартасцю. Ён з’яўляўся поўнай супрацьлегласцю вялікага бібліятэкара: амбітны, часам дзёрзкі, настойлівы да непрыстойнасці. Мальябекі бачыў: вучоба давалася хлопчыку вельмі складана, але, нягледзячы на гэта, ён не адступаў, што выклікала яшчэ большую павагу ў старога настаўніка. Часам ён разважаў пра сваё дзяцінства, пра Сімоне і аб іх сустрэчах. Антоніа схіляўся да меркавання, што малады вучань, мусіць, заслугоўвае большай павагі, чым ён сам. У юнацтве, калі ён яшчэ працаваў у краме кнігагандляра, многія ім захапляліся. Але яму ўсё давалася значна лягчэй, бо ў яго былі нейкія прыроджаныя здольнасці, якімі яго надзяліў Бог. Сімоне ж даводзілася прыкладаць у тры, ці нават у дзясяткі разоў больш намаганняў, чым