Сяргей Ваганаў

Мосцік над вечнасцю (зборнік)


Скачать книгу

Нават Бацькам ужо амаль ніхто яго не называе. Нездарма, віншуючы 23 лютага сваіх генералаў з новымі пагонамі, Лукашэнка абвясціў, што «дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць сваіх абаронцаў». Заўважце, абаронцаў дзяржавы, а не Айчыны…

      Насамрэч – забаронцаў Айчыны.

      Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» сілкуюцца іншаземнымі грашыма?

      Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» – ці то кіраўнік дзяржавы, ці то вайскоўцы з міліцыянтамі, ці то суддзі з пракурорамі, ды іншыя памагатыя – пад рознымі хлуслівымі зачэпкамі цягнуць за краты тых, хто шануе нацыянальныя герб і сцяг?

      Суд над Сяргеем Каваленкам, які ўзняў бел-чырвона-белы сцяг над плошчай у Віцебску, безумоўна, працяг бясконцай ганебнай вайны дзяржавы супраць Айчыны.

      Але ні забараніць, ні перамагчы Айчыну немагчыма. Нават калі яна застанецца жыць у знясіленым целе апошняга яе абаронцы.

      …На гэтай трохі пафаснай ноце я, магчыма, паставіў бы кропку, каб не гісторыя з касманаўтам Кавалёнкам, амаль цёзкам Сяргея па прозвішчы і, мабыць, радні па кавальскаму радаводу. Колькі бруду вылілі на яго заўзятыя, так бы мовіць, патрыёты толькі за тое, што ён адцураўся ад бел-чырвона-белага сцяга, маўляў, сцяга калабарантаў часоў нямецкай акупацыі…

      Па-лукашэнкаўскі абразліва ганіць савецкага беларуса, чыё дзяцінства, дарэчы, прайшло праз тую жахлівую акупацыю – не лепшы спосаб пераканаць яго, далучыць да сапраўднай гістарычнай спадчыны. Тым больш, што ён сам ужо – частка гэтай спадчыны.

      Я добра памятаю сонечную раніцу ў вёсцы Белай пад Крупкамі, святочна-насцярожаны натоўп аднавяскоўцаў Кавалёнка і сакратара райкама, які, надрываючыся, цягнуў у беднаватую матчыну хату тэлевізар… Памыляюцца тыя, хто думае, што гэта быў усплёск так званага савецкага патрыятызму. Усе, партыйны сакратар таксама, адчулі гонар за беларуса і Беларусь…

      Ёсць нешта глыбока агульнае паміж подзвігам Кавалёнка і патрыятычным учынкам Каваленкі – абодва, самаахвярна рызыкуючы, ўзнялі Айчыну да нябёс.

      Астатняе – непаразуменне, якое, упэўнены, скончыцца, як толькі скончыцца гэтая, распачатая дзяржавай, вайна.

      Рукі дзеда

      Разгарнуліся спрэчкі вакол «дзеда Талаша» – фільма з такой жа назвай, асобы і вобраза з коласаўскай «Дрыгвы».

      Фільма я, на жаль, не глядзеў. А вось спрэчкі…

      Спрэчкі нагадалі мне знаёмага вясковага ксяндза. Кожны раз, калі я сустракаў яго на ўскрайку той вёскі, на прасёлкавым раздарожжы, ён хітравата заплюшчваў вочкі і пытаўся: «А ці не ведае пан, дзе тут шлях да Варшавы? … А да Пецярбургу?»

      «Пан» ужо ведаў, што ставіцца да пытанняў старога ксяндза трэба ўважліва, і насамрэч паказваць адпаведны кірунак, каб пазбегнуць ксяндзовага кійка.

      Такі вось урок гісторыі з геаграфіяй.

      Наогул гэта быў дзіўнаваты стары. І ўлетку і ўзімку хадзіў у дзіравай ватоўцы і чырвонаармейскай вушанцы з адбіткам пяціканцовай зоркі на ілбе… Часцяком яго знаходзілі на адселеным хутары, дзе ён спаў на