Макс Шчур

Галасы (зборнік)


Скачать книгу

і з пяшчотай згадваў праўдзіва еўрапейскія, адухоўленыя, шляхетныя вусатыя абліччы палякаў, згадваў іхнае стагоддзямі кшталтаванае вымаўленне шыпячых, зайздросціў багаццю іхнае літаратуры – ажно чатыры Нобелеўскія прэміі за стагоддзе! – і смаку іхнае сармацкае кухні. А тут што – ну хіба гэта кухня? Калі б не вясковыя маласольныя гуркі, Васільевіч бы ў горадзе акалеў з голаду. Дый літаратура, калі ўжо пра тое зайшло…

      Яшчэ да паездкі за мяжу Васільевіч пачаў ставіць пад сумнеў свае правераныя вякамі каштоўнасці. Ужо ў часы навучання на філфаку яму ў рукі трапіла адна страшная кніга ў маскальскім перакладзе, якая ўпершыню пахіснула вавілонскую вежу ягонага светапогляду, на вяршыні якога па-ранейшаму знаходзілася матчына мова, хаця памалу па ёй пачынала ўжо караскацца ўгару выдатніца й прыгажуня Павярхоўская, з якой Васільевіч не зводзіў вачэй цягам лекцыяў. Менавіта яна, паводле іроніі лёсу, і падкінула яму крамольную ксёнжку. Называлася кніга «Эрас і цывілізацыя». За тыдзень яна здолела перавярнуць ягоныя ўяўленні як пра эрас, так і пра цывілізацыю дагары нагамі. Каб кампенсаваць ейнае разбуральнае ўздзеянне, Васільевіч пастанавіў разабрацца з «Эрасам» па-свойму, пераклаўшы яго на мову сваёй вёскі. Праўда, мову арыгіналу ён так і не вывучыў, але пранікся духам кнігі настолькі, што перастварыў яе слова ў слова з галавы, накшталт Борхесавага П’ера Мэнара. Пераклад быў адрынуты зашораным старарэжымным выдавецтвам, але яшчэ доўга хадзіў па руках на інтэрнацкіх пагулянках у якасці дапаможніка па сэксуальным выхаванні для мізагінаў. Гэтая прыкрая няўдача, а таксама заўчаснае замужжа Павярхоўскай прымусілі Васільевіча часова плюнуць на навуку і ўдарыцца ў лірыку, асноўнымі тэмамі якой былі культурны правінцыяналізм і крызіс постмадэрнізму (вось жа, філфак навучыў-такі яго некалькім новым словам). Лірыка ў Васільевіча выходзіла не горшай за пераклад. Няма дзіва: кожны паэт, вядома, не абавязаны быць мовазнаўцам, лічыў Васільевіч, але кожны мовазнавец – паэт паводле паклікання.

      Неўзабаве пасля таго, як Васільевіч выдаў першую кнігу сваіх герметычных вершаў, спачувальныя выкладчыкі парэкамендавалі яго ў Саюз пісьменнікаў. Тады ён быў на вяршыні славы, якая ў вузкіх колах адмыслоўцаў шырылася хутка. Абараніўшы дыплом на тэму «Філасофскія катэгорыі быцця й часу ў творчасці Васіля Віткі» й закасіўшы ад войска па інваліднасці, Васільевіч атрымаў пуцёўку ў жыццё – то-бок у аспірантуру. Адначасова ў выдавецтве яму прапанавалі сціплую пасаду цэнзара. Працу сваю Васільевіч выконваў сумленна, поўны не тое каб гонару, але без сумневу – усведамлення сваёй карысці для бацькаўшчыны, якая акурат тады выдалася шляхам, супрацьлеглым ад таго, які напрарочыў ёй Апостал нацыі. Неўзабаве Васільевіча выклікалі да новага начальства і, паклаўшы на стол рэвальвер, прапанавалі дылему накшталт выбару Софі: альбо сыходзіш з няўгоднага ўладзе Саюза пісьменнікаў, альбо – з выдавецтва. Васільевіч не спаў усю ноч. З аднаго боку, Саюз пісьменнікаў –